Адміністрацыя Нацыянальнага гістарычнага музея (НГМ) Беларусі мае намер падаць у суд на аглядальніка АНТ Аляксея Міхальчанку, калі ён не папросіць прабачэння за свае выказванні пра экспазіцыю і дзейнасць філіяла НГМ — Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці, якія прагучалі ў эфіры тэлеканала ўвечары 14 студзеня ў аўтарскім відэаблогу «Як ёсць».

Сваю пазіцыю калектыў гістарычнага музея выклаў у адкрытым лісце старшыні праўлення ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» (АНТ) Рыгору Кісялю, што апублікаваны на сайце НГМ.

У сваім відэаблогу Міхальчанка раскрытыкаваў экспазіцыю музея, заявіўшы, што яна не стварае патрэбнага эфекту, у той час як павінна «напаўняць гонарам сэрцы грамадзян Беларусі і выклікаць павагу ў прыезджых». Так, на яго думку, копія Дэкларацыі аб незалежнасці для нагляднасці павінна займаць усю сцяну. Эканамічныя поспехі дзяржавы трэба праілюстраваць вялікімі зліткамі золата і наяўнай інфармацыяй аб золатавалютных рэзервах. Паменшаную копію спадарожніка БКА, сказаў ён, трэба прымусіць рухацца на фоне зорнага неба, а ў зале размясціць сапраўднае кола самазвала «БелАЗ». Таксама ён мяркуе, што экспазіцыю трэба дапоўніць васковай фігурай біятланісткі Дар'і Домрачавай, чый касцюм захоўваецца ў зале, і фігурай Аляксандра Лукашэнкі.

Кіраўніцтва НГМ лічыць, што Міхальчанка расказаў пра музей у некарэктнай форме і сказіў факты. На яго крытычную заўвагу пра складаную сістэму доступу ва ўстанову ў лісце сказана, што музей знаходзіцца ў будынку рэжымнага аб'екта — Адміністрацыі прэзідэнта і патрабуе асаблівай палітыкі бяспекі.

Копія Дэкларацыі аб незалежнасці ў тым выглядзе, у якім яна дэманструецца ў экспазіцыі, на думку музейшчыкаў, «найбольш дакладна адлюстроўвае характар і дух эпохі, стылістыку афармлення дакумента». «У гэтым выпадку важным з'яўляецца не мастацкая форма падачы інфармацыі, а змест. <…> Як правіла, вонкава несамавіты артэфакт эмацыйна больш насычаны», — перакананыя ў НГМ.

Інтэрактыўнаму стэнду аб золатавалютных рэзервах краіны і колу «БелАЗа», лічаць у гістарычным музеі, не месца ў музеі класічнага тыпу, асноўная функцыя якога заключаецца ў асвеце, а не ў забаве.

Параўнанне Міхальчанкі спадарожніка БКА з «дзіўным чамаданам» музейшчыкі назвалі абразлівым. Яны падкрэслілі, што ў зале выстаўленая дакладная копія апарата, паменшаная ўдвая, а макеты спадарожнікаў на фоне зорнага неба «можна ўбачыць у іншых спецыялізаваных установах».

Дырэкцыю НГМ абурыў выраз Міхальчанкі, што ў музеі выстаўлены «касцюм Домрачавай на манекене са Жданоў». Музейныя работнікі заявілі, што лічаць недапушчальным ужываць жаргонныя выразы ў эфіры нацыянальнага тэлеканала. Прапанова выставіць у зале васковыя фігуры вядомай спартсменкі і прэзідэнта яны назвалі абсурдным.

Параўноўваць розныя па змесце і функцыях музейныя ўстановы, як гэта зрабіў Міхальчанка, у гістарычным музеі лічаць недапушчальным у той жа ступені, у якой «супрацоўнікі Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці не стануць у голас параўноўваць якасць праграм розных тэлеканалаў».

Словы аглядальніка АНТ адлюстроўваюць яго асабістае меркаванне, але яны прагучалі «ў маштабах усёй краіны». Выказванні Міхальчанкі, адзначылі ў НГМ, «наносяць дзейнасці музея эканамічны ўрон» і «адводзяць ад яго патэнцыйных наведвальнікаў».

«У выпадку адмовы Аляксея Міхальчанкі даць публічныя прабачэнні Нацыянальны гістарычны музей пакідае за сабой права звярнуцца ў суд для абароны гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі музея згодна з арт. 153 Грамадзянскага кодэкса», — гаворыцца ў лісце НГМ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?