«У нашых расійскіх партнёраў няма і найменшай падставы для заклапочанасці ў сувязі з дамоўленасцю Беларусі і Міжнароднай арганізацыі па міграцыі стварыць у нашай краіне цэнтры часовага ўтрымання замежных грамадзян, што адпавядаюць самым сучасным стандартам», — заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, каментуючы выказванні міністра замежных спраў РФ Сяргея Лаўрова.

«Фінансаванне гэтай працы будзе ажыццяўляцца пры падтрымцы Еўрапейскага саюза, — адзначыў Мірончык. — Бо мы робім тое ж самае, што і нашы расійскія партнёры яшчэ дзесяць гадоў таму. Нагадаю, тады Міжнародная арганізацыя па міграцыі і Еўрасаюз рэалізоўвалі аналагічны праект «Садзейнічанне ўраду Расійскай Федэрацыі ва ўмацаванні адміністрацыйнага патэнцыялу і заканадаўчай базы ў межах рэалізацыі пагадненняў аб рэадмісіі».

«Акрамя таго, — сказаў афіцыйны прадстаўнік міністэрства, — яны рэалізоўвалі, напрыклад, праекты «Падтрымка пагадненняў аб рэадмісіі, заключаных Еўрапейскім саюзам з Малдовай, Расіяй і Украінай. Пытанні добраахвотнага вяртання і рэінтэграцыі (SIREADA)», «Далейшае развіццё механізмаў рэадмісіі ў Расійскай Федэрацыі» і іншыя».

У межах гэтых праектаў апроч іншага расійскаму боку МАМ пры фінансавай падтрымцы ЕС аказвалася садзейнічанне ў «стварэнні сістэмы цэнтраў па размяшчэнні грамадзян трэціх краін, якія будуць вяртацца на тэрыторыю і з тэрыторыі РФ у межах рэадмісійныйх пагадненняў з краінамі Еўропы і трэцімі краінамі», падкрэсліў Мірончык.

Беларускі бок, адзначыў ён, не ставіў ніякіх пытанняў, тым больш ні ў якой форме не выказваў заклапочанасці ў сувязі з такім супрацоўніцтвам Расіі, Еўрасаюза і МАМ. «Мы разумелі і ўлічвалі, што гэтая праца скіраваная на стабілізацыю і паляпшэнне міграцыйнай сітуацыі на прасторы краін — удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, і віталі адпаведныя намаганні нашых расійскіх партнёраў», — заявіў прадстаўнік МЗС.

Беларусь зараз робіць «роўна тое ж самае, што і Расія крыху раней». «Адзінае адрозненне — на той момант Расійскай Федэрацыяй ўжо было заключанае пагадненне аб рэадмісіі з ЕС і, адпаведна, у яе было абавязацельства прымаць нелегальных мігрантаў, якія трапілі ў Еўрасаюз праз расійскую тэрыторыю. У нас зараз такога абавязацельства няма, гэта значыць мы працуем з улікам расійскага вопыту і для папярэджання магчымых праблем», — сказаў Мірончык.

«Мы робім агульную з Расіяй справу, якая цалкам ляжыць у рэчышчы намаганняў па развіцці агульнай міграцыйнай прасторы Беларусі і Расіі», — дадаў ён.

Мірончык таксама падкрэсліў, што Беларусь — «адна з нешматлікіх краін кантынента, якая эфектыўна і цывілізавана займаецца праблемай міграцыі». «Гэта адзначаюць і прызнаюць профільныя міжнародныя структуры, уключаючы Міжнародную арганізацыю па міграцыі, Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў», — сказаў ён.

17 студзеня ў Маскве Сяргей Лаўроў заявіў, што пагадненне Еўрасаюза і Беларусі аб будаўніцтве лагераў для мігрантаў і бежанцаў выклікае пытанні. «У нас з Беларуссю Саюзная дзяржава, у межах якой прынятае прынцыповае рашэнне выраўноўваць правы грамадзян і адной, і другой краіны ва ўсіх без выключэння галінах, — сказаў Лаўроў. — І адной з такіх сфер прыкладання нашых цяперашніх намаганняў з'яўляецца ўзгадненне параметраў адзінай візавай, адзінай міграцыйнай прасторы. Гэта патрабуе сярод іншага вызначэння адзінага спіса асоб, якія непажаданыя, якія пажаданыя, але гэта таксама патрабуе адзінай палітыкі ў галіне экстрадыцыі. Цяпер гэта яшчэ больш актуальна, бо ёсць тэма аб дамоўленасці паміж Беларуссю і Еўрасаюзам пра стварэнне лагераў для мігрантаў, нелегальных на тэрыторыі рэспублікі».

Лаўроў падкрэсліў, што ў Расіі і Беларусі няма аформленай наземнай сухапутнай мяжы. «Гэта стварае, вядома ж, пытанні і магчымасці для злоўжыванняў. Мы пачынаем з нашымі беларускімі калегамі дыялог на гэтую тэму. Мы, у прынцыпе, ужо даўно вядзем перамовы пра адзіную міграцыйную палітыку. Зараз, думаю, усе гэтыя падзеі патрабуюць паскорыць гэтыя размовы і прывесці, нарэшце, да нейкіх вынікаў», — заявіў кіраўнік расійскага знешнепалітычнага ведамства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?