Выступаючы за дэкрэт «аб дармаедах», дэпутаты Палаты прадстаўнікоў выконваюць волю чыноўнікаў, а не выбаршчыкаў, заявіў старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў.

У лістападзе—снежні 2016 года грамадскія актывісты сабралі ў Магілёве больш за 500 подпісаў пад патрабаваннем да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ад абласнога цэнтра аб адмене дэкрэта аб «дармаедах». У калектыўным адказе дэпутаты Вольга Петрашова, Пётр Салаўёў і Аляксандр Старавойтаў заявілі, што прычын для адмены дэкрэта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» ад 2 красавіка 2015 года няма.

Шанцаў абвінаваціў дэпутатаў ад Магілёва ў ігнараванні меркавання выбаршчыкаў. «Калі да цябе звяртаюцца выбаршчыкі з патрабаваннем адмяніць тое, што вельмі дрэннае, няма чаго апеляваць наогул да чыноўнікаў, якія проста супрацьстаяць насельніцтву. Збор подпісаў паказаў, на чыім баку гэтыя нашы магілёўскія дэпутаты. Яны ўсе не на баку народа, які іх выбраў, а на баку чыноўнікаў», — сказаў прадстаўнік АГП.

«Салаўёў, Старавойтаў і Петрашова напісалі, што ёсць ваша меркаванне, але ёсць і іншае меркаванне. Але меркаванне павінна на нечым грунтавацца. Маё меркаванне грунтуецца на цвярозым розуме, на выяўленні найгрубейшага парушэння Канстытуцыі, на тым, што так нельга са сваім народам рабіць. А ў іх напісана, што ў рэспубліцы праводзіцца сістэмная праца па стварэнні новых працоўных месцаў. Але ў выніку гэтай працы ў Беларусі колькасць звольненых на 100 тыс. большая за колькасць прынятых на працу. Гэта значыць 100 тыс. чалавек страцілі працу. Ім чыноўнік нешта падаў, яны слепа перапісалі і нічога не праверылі», — заявіў апазіцыянер.

Паводле яго слоў, неабходна, каб тыя, хто галасаваў за гэты дэкрэт, адчувалі сябе няўтульна і разумелі, што крыніцай улады ў Беларусі з'яўляецца народ. «Найбліжэйшым часам нехта з дэпутатаў атрымае 300 подпісаў з патрабаваннем даць справаздачу, а далей будзем глядзець паводле абставін», — сказаў Шанцаў, адзначыўшы, што працэдура адклікання дэпутата вельмі складаная, але актывісты гатовыя яе распачаць. Ён заклікаў гараджан уступаць у ініцыятыўныя групы па адклiканні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ад Магілёва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?