Дзве групы польскіх дыпламатаў не змаглі ўехаць у Смаленскую вобласць з тэрыторыі Беларусі на аўтамабілях. Расійскія памежнікі развярнулі палякаў з-за «адсутнасці пастоў памежнага кантролю па пропуску грамадзян трэціх краін у РФ» у раёне перасячэння дыпламатамі мяжы.
Грамадзяне Польшчы ехалі на двух аўтамабілях з дыпламатычнымі нумарамі. Іх спынілі на мяжы і прапанавалі перасекчы мяжу ў суседніх рэгіёнах, патлумачыў прадстаўнік расійскага пагранупраўлення Аляксандр Лазненка.
Паводле яго слоў, на расійска-беларускай мяжы няма памежных пастоў, аднак на трасе пры ўездзе ў РФ стаў дзяжурыць пагранічны нарад. За апошнія дні, дадаў прадстаўнік ведамства, было адзначана яшчэ некалькі аналагічных выпадкаў.
Дыпламаты з іншых краін таксама спрабавалі ўязджаць у Расію праз мяжу з Беларуссю. Аднак ўсім замежнікам было адмоўлена ва ўездзе ў Смаленскую вобласць.
Замежных грамадзян нават пры наяўнасці расійскай візы сталі пускаць у РФ з Беларусі толькі праз міжнародныя пункты пропуску восенню мінулага года. Сваё рашэнне Расія патлумачыла тым, што «сітуацыя ў свеце кардынальна змянілася» і «рэзка ўзраслі рызыкі, звязаныя з тэрарыстычнымі, міграцыйнымі пытаннямі».
Беларускі МЗС палічыў дадзеную меру празмернай і папрасіў не рабіць рэзкіх аднабаковых крокаў. Як заўважыў прэс-сакратар ведамства Дзмітрый Мірончык, расійскі бок цяпер ўбачыў праблему там, дзе «не бачыў яе два дзясяткі гадоў».