18.01.2017 / 16:09

«Лагеры для мігрантаў»: тонкая псіхалагічная спецаперацыя супраць Беларусі? 33

«Пакт з беларускім дыктатарам» — такі артыкул з'явіўся ў нямецкай газеце «Тагесцайтунг» 13 студзеня.

У той жа дзень яго пераклаў сайт «Іносмі.ру» і масава перадрукавалі расійскія выданні. 

Eadaily.com: СМИ: ЕС построит в Белоруссии центры по размещению беженцев

Одноклассники/cpbelaru: СМИ: Не попавших в Европу мигрантов оставят в Беларуси

Belarusiya.com: В Минске построят центр размещения мигрантов?

Хайп падхапілі беларускія рэсурсы:

Народная воля: Беларусь примет мигрантов из Сирии.

Нарэшце, сам міністр замежных спраў Расіі выказаў занепакоенасць: «Пагадненне ЕС і Беларусі аб лагерах для мігрантаў выклікае пытанні».

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык вымушаны быў апраўдвацца: Беларусь зараз робіць «роўна тое ж самае, што і Расія крыху раней».

«Адзінае адрозненне — на той момант Расійскай Федэрацыяй ўжо было заключанае пагадненне аб рэадмісіі з ЕС і, адпаведна, у яе было абавязацельства прымаць нелегальных мігрантаў, якія трапілі ў Еўрасаюз праз расійскую тэрыторыю. У нас зараз такога абавязацельства няма, гэта значыць мы працуем з улікам расійскага досведу і для папярэджання магчымых праблем», — сказаў Мірончык.

Вымушанае было супакойваць грамадскую думку і Міністэрства ўнутраных спраў: «Важна адзначыць, што гаворка ідзе толькі пра іншаземцаў — незаконных мігрантаў, затрыманых у нашай рэспубліцы, сірыйскія альбо іншыя ўцекачы з ЕС у іх размяшчацца не будуць», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

У прынцыпе, справа простая. Гаворка ідзе пра будаўніцтва цэнтраў для часовага пражывання мігрантаў. Такія і цяпер існуюць у Беларусі — просьбітаў палітычнага прытулку, напрыклад, размяшчаюць у Гатаве пад Мінскам.

Гаворка ідзе пра пабудову такіх аб'ектаў, якія забяспечаць годныя ўмовы жыцця для тых людзей, якія падлягаюць дэпартацыі, на перыяд да дэпартацыі. Еўропа фінансуе пабудову такіх аб'ектаў у суседніх краінах з пачуцця гуманізму. Беларусі ж яно выгадна — мы ўсё адно вымушаныя тых людзей размяшчаць на перыяд да вырашэння іх статусу, то прынамсі атрымаем грошы на дамы для іх.

Значную долю мігрантаў, што завіслі ў Беларусі, складаюць уцекачы з Расіі, у прыватнасці, Чачні. Фота Ірыны Арахоўскай, Берасце.

Варта адзначыць, што гэтая дамоўленасць дасягнутая ў рамках доўгага перамоўнага працэсу між ЕС і Беларуссю аб палягчэнні візавага рэжыму.

Дасягнуць яго можна пры ўмове заключэння дамовы пра рэадмісію нелегальных мігрантаў — г.зн. вяртання незаконных мігрантаў назад па маршруце, якім яны прыбылі. Менавіта з прыкідкай пад стварэнне ўмоў для гэтага Еўрасаюз дае сродкі на тыя цэнтры ўтрымання.

Гаворка не ідзе пра стварэнне ў Беларусі адстойніка для мігрантаў, што прыбылі ў Еўрасаюз іншымі дарогамі. Між тым у публікацыях расійскіх СМІ ўтрымліваўся менавіта такі намёк.

Важна адзначыць таксама, што аналагічная дамова пра рэадмісію з Расіяй заключаная ў 2013 годзе.

І «Тагесцайтунг», і, асабліва, расійскія рэсурсы падалі справу з такім падтэкстам ці, прынамсі, намёкам, нібы гаворка ідзе не пра тэхнічную дамоўленасць, а пра намер Аляксандра Лукашэнкі дабіцца паляпшэння адносін з Еўрасаюзам узамен за ператварэннне Беларусі ў адстойнік. Такая падача ўкладаецца ў магістральную расійскую страшылку апошняга часу: «Лукашэнка перабежчык; Беларусь сыходзіць у Еўропу; гэта прынясе незлічоныя бедствы братняму беларускаму народу».

Зірніце на ілюстрацыі да тэмы, якія задаюць успрыманне:

Арыгінальны артыкул «Тагесцайтунг».

Падача той самай інфармацыі на Eadaily — рэсурсе, які нядаўна апублікаваў артыкул пра міністра замежных спраў Беларусі, разлічаны на стварэнне скандалу.

Падача той самай інфармацыі на Belarusiya.com.

У дакуменце Еўракамісіі гаворка ідзе пра невялікія будынкі для невялікай колькасці людзей. Між тым на карцінках мы бачым тысячныя тлумы сірыйцаў — для якіх беларускі маршрут зусім не актуальны.

Насцярожвае і тое, якімі каналамі ішла гэтая інфармацыя.

Не цэнтральнае нямецкае выданне дае матэрыял са спасылкай на службовы дакумент Еўракамісіі. Расійскі сайт Інасмі.ру аператыўна перакладае. Расійскія сайты, арыентаваныя на чытача «ў блізкім замежжы», аператыўна перадрукоўваюць.

У выніку дыскурсу была зададзеная зусім іншая акцэнтуацыя.

Уся гэтая гісторыя мне трохі нагадала фэйкавую «справу Лізы Ф.» — інфармацыйную спецаперацыю расійскіх спецслужбаў, скіраваную супраць рэпутацыі Еўропы ў цэлым і канцлеркі Меркель у прыватнасці.

Цяжка сказаць, ці мела і ў нашым выпадку месца інфармацыйная спецаперацыя, ці проста выпадкова накруцілі журналісты ў пагоні за сенсацыяй.

Калі мела месца спецаперацыя, то няясна, ці была дадзеная інфармацыя мэтава скінутая журналісту «Тагесцайтунг» — газеты з невялікім накладам, арыентаванай на левую і зялёную аўдыторыю. Ці проста інфармацыя стуль была па поўнай праграме выкарыстаная для стварэння інфармацыйнай хвалі.

Мы даслалі запыт аўтару артыкула з «Тагесцайтунг», але пакуль не атрымалі ад яго адказу.

Мой вывад: беларускім СМІ варта правяраць і пераправяраць не толькі інфармацыю, трансляваную расійскімі СМІ, але і іх акцэнтуацыю (застаўкі, загалоўкі).

Андрэй Дынько

5
Вася / Адказаць
18.01.2017 / 16:18
Маеце рацыю
3
Валянцін Стэфановіч / Адказаць
18.01.2017 / 16:25
Пагадненне аб рэадмісіі, якое будзе падпісана паміж ЕС і Беларуссю, прадугледжвае вяртанне ў Беларусь нелегальных мігрантаў, якія патрапілі ў ЕС з тэрыторыі Беларусі. У Беларусі будзе два тыпы цэнтраў утрымання такіх мігрантаў --адкрытыя і закрытыя. У закрытых будуць утрымлівацца мігранты, затрыманыя для іх далейшай дэпартацыі з Беларусі на іх Радзіму. Трэба ўжо спыніць маніпуляцыі і спекуляцыі на гэтую тэму. МЗС і МУС ужо падаецца ўсё растлумачылі. Праваабронцы Беларусі яшчэ два гады назад даводзілі еўрапейцам тое, што падпісанне пагаднення аб рэадмісіі трэба абумовіць стварэннем адпаведнай інфраструктуры для ўтрымання мігрантаў, якіх будуць вяртаць з ЕС назад у Беларусь, бо зараз мігранты, якія затрыманыя для дэпартацыі ўтрымліваюцца месяцамі у ІЧУ і ЦІП. Гэтыя ўстановы, мякка кажучы, не прадугледжаныя для доўгатэрміновага ўтрымання і іх персанал не вадодае неабходнай кваліфікацыяй для працы з дадзенай катэгорыяй --элементарна мовамі не валодаюць.
2
Тутэйшы / Адказаць
18.01.2017 / 16:30
Няма чаго дадаць, маеце рацыю. Поўнасцю зыходзіцца з тым, што было ў дакладзе Сівіцкага і Царыка.
Паказаць усе каментары/ 33 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру