Аб'яднаная грамадзянская партыя прапануе правесці ў сталіцы 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі, вулічную акцыю з удзелам грамадзян, прызнаных плацельшчыкамі збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў — «марш дармаедаў». Пра гэта палітык паведаміў БелаПАН.

Актывісты партыі на чале з Лябедзькам пачалі ў Мінску 18 студзеня збор подпісаў за адмену дэкрэта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Больш за гадзіну яны збіралі подпісы на пляцоўцы каля Камароўскага рынку.

«Рэакцыя прахожых была вельмі пазітыўнай, упершыню за апошнія гады ў час збору подпісаў пад якой-небудзь ініцыятывай мы не маглі сысці з месца падзей з-за чаргі ахвотных. За гадзіну мы сабралі 148 подпісаў, людзі самі падыходзілі і прапаноўвалі падпісацца. Былі, вядома, людзі, якія цалкам падтрымліваюць дэкрэт, але гэта былі адзінкі», — адзначыў ён.

Актывісты партыі збіраюць подпісы за адмену дэкрэта таксама ў рэгіёнах — у Магілёве, Бярозе, Івянцы, Пружанах і Баранавічах. Адбываецца гэта ў межах абвешчанай АГП кампаніі «Змагацца трэба з беспрацоўем, а не з беспрацоўнымі». Сабраныя подпісы плануецца перадаць дэпутату ад АГП у Палаце прадстаўнікоў Ганне Канапацкай, каб яна магла прадэманстраваць іх колькасць пры абмеркаванні нядаўняга дэкрэта № 1, які карэктуе дэкрэт «аб дармаедах». «Дэпутат зможа выйсці да трыбуны і сказаць, што не адна яна выступае супраць гэтага дэкрэта, што гэта не пазіцыя адной партыі, а вялікай часткі беларускага грамадства», — заявіў Лябедзька.

На 19 студзеня, паведаміў лідар АГП, запланаванае пасяджэнне аргкамітэта прапанаванай партыяй вулічнай акцыі — «маршу дармаедаў». Хто выступіць яе заяўнікам, пакуль невядома, аднак партыя будзе выходзіць з прапановай да іншых апазіцыйных структур аб падтрымцы ідэі. «Мы хочам правесці шэсце ў Дзень Канстытуцыі, каб прадэманстраваць, што дэкрэт «аб дармаедах» уводзіць прымусовую працу і парушае Канстытуцыю», — зазначыў Лябедзька.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0