Гісторык Ігар Кузняцоў налічыў 124 месцы масавых расстрэлаў ахвяр савецкіх рэпрэсій, у тым ліку 12 — у Мінску і яго ваколіцах. Пра гэта ён заявіў на пасяджэнні аргкамітэта па стварэнні гісторыка-асветніцкага аб'яднання «Вяртанне памяці», якое адбылося 18 студзеня ў Мінску.

Паводле дадзеных Кузняцова, расстрэлы праходзілі па меншай меры ў 48 населеных пунктах: Мінску, абласных і буйных раённых цэнтрах, іншых месцах.

Гісторык адзначыў, што ў даступных афіцыйных крыніцах вельмі складана ўстанавіць месца расстрэлу. «Нідзе не напісана дата прывядзення прысуду ў выкананне. У лепшым выпадку гэта можна ўстанавіць у архіўна-следчай справе. І то мы сустракаем такую інфармацыю: расстраляны 23—26 кастрычніка 1937 года — аказваецца, па меры запаўнення ямы. Але гэта такі выпадак, калі хоць бы ўмоўна можна сказаць, што гэта быў кастрычнік. Насупраць графы «вышэйшая мера пакарання — расстрэл» у лепшым выпадку ўказана мінская або іншая турма, дзе ўтрымліваўся чалавек. І тое толькі ў 30% выпадкаў можна ўстанавіць, дзе чалавек знаходзіўся. Дзе ён быў расстраляны — гэта пытанне засталося абсалютна не высветленым», — сказаў гісторык.

Паводле яго прыкладных падлікаў, 370 тыс. чалавек магло быць расстраляна падчас рэпрэсій у 1917—1953 гадах, што, адзначыў ён, адрозніваецца ад афіцыйнай лічбы больш чым у 10 разоў.

Сярод расстраляных, паводле падлікаў Кузняцова, 57% з'яўляліся беларусамі, 25% — палякамі, 7% — яўрэямі, а таксама рускімі і прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў. Паводле сацыяльнага статусу гэта былі ў асноўным сяляне і рабочыя — 85%. «Гэта сведчыць аб тым, хто такія былі ворагі савецкай улады — сяляне, рабочыя, а інтэлігенцыя на фоне гэтых 85% выглядае адгалоскамі 1917 года», — сказаў ён.

Дата гібелі расстраляных, паводле афіцыйнай базы, падкрэсліў Кузняцоў, не вядомая ў 70% выпадкаў. «Толькі ў 25% выпадкаў хоць бы пазначаны горад», — адзначыў ён.

«Можна зрабіць выснову, што кампартыя Беларусі, НКУС БССР вінаватыя ў здзяйсненні злачынства, у прыватнасці правядзенні масавых рэпрэсій супраць як савецкіх, так і замежных грамадзян (у гэтым выпадку мы кажам, у першую чаргу, пра падзеі 1940 года)», — заявіў Кузняцоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?