Замест таго, каб напісаць, як нармальны чалавек, што люблю Беларусь — хоць ты трэсні, — напішу вось што.

Памятаю, жонка расказвала, як у дзяцінстве яна разам з мамай дастала з антрэсоляў стары фотаапарат, які там праваляўся нікому не патрэбны чорці-колькі гадоў і — што важна ў рамках гэтай метафары, — невядома адкуль з'явіўся. І вось узялі яго, вынулі з футарала, знялі крышку з аб'ектыва., і адтуль, уявіце сабе, выпаўз бляклы, амаль празрысты таракан. І не проста бляклы, празрысты таракан, а таракан з дэфармаваным цельцам, скрыўленым паўколам — па форме аб'ектыва. Разумееце? Ён там, у гэтым футарале, без святла і жратвы сядзеў гадамі. Жыў, дэфармаваўся і бляк. Калі б ён мог размаўляць, што бы ён сказаў нам? Што любіць свой футарал? Ці што не любіць? Не ведаю, ды гэта і не важна, бо што б ён ні казаў — яму ніяк не схавацца ў натоўпе іншых тараканаў. Ягоная біяграфія застанецца з ім назаўсёды, рады ён гэтаму ці не.

Калі я думаю пра нашу краіну, я разумею, што я той самы вынуты з-пад аб'ектыва таракан са скрыўленым целам. Дэфармацыя недамоўленай мовай, чужым кепскім густам, лагоднай акупацыяй, дастаткова блявотнага тыпу дыктатуркай… Але, будучы народжаны дзе-небудзь яшчэ, — ці стаў бы я тараканам з карцінкі? І ці бываюць такія ў жывой прыродзе? Падазраю, што калі б мяне нарадзілі ў Расіі, — я б тапіў за Масковію так, што Захарушка Прылепін клаў бы мне рукі на плечы, зазіраў у вочы і казаў бы: «Ціш, ціш. Людзі ж услышат..» Калі б я вырас у Амерыцы, магчыма, я б быў самым адмарожаным змагаром з «белым ліберальным мужчынам» у свеце, у Германіі меў бы заломы рук у васьмі месцах праз перажыванні за бежанцаў. Нарадзіўшыся ў Літве, я б закладваў дынаміт пад Астравецкую АЭС у імя вялікага Костаса Калінаўскаса. І пры ўсім пры тым, дзе б я ні нарадзіўся, падазраю, што я б вырас тупейшым і нуднейшым за сябе беларускага.

Зміцер Панкавец напісаў тэкст — з якім не важна, згодны я ці не. Дапусцім, я лічу, што медыцына ў нас гаўно і атрымліваць бясплатны бінцік са сваім заробкам у 200 баксаў — не прадмет для гонару, але я не пра гэта. Тэкст Змітра мне падабаецца, незалежна ад згоднасці, бо ён нармальны. Тэкст пра любоў — гэта нармальна, бо чалавек нічога добрага не робіць ад нянавісці. І ні ў каго не мусіць прасіць дазволу, каб расказаць пра сваю любоў.

Ну, да. Беларусь — гэта дзіўная краіна, чыя гісторыя — доказ таго, што неразрыўная нізка паражэнняў рознай ступені жахлівасці і крывавасці не абавязкова прыводзіць да фінальнага канчатковага паражэння, а хутчэй наадварот. Гэта краіна, якая ўпарта фарміруецца на адчуванні любові ці нянавісці да суседніх народаў, абсалютна не спрабуючы зразумець сябе саму — але фарміруецца ж. Пры тым імкліва і абсалютна выразна. Гэта краіна непрадказальнага надвор'я і неспазнаных людзей, пашкрэбшы любога з якіх можна нарыць настолькі нечаканае, што так і застанешся сядзець у позе Якуба Коласа.

Я разумею, што ўсё, чым я ёсць, — яно вось адсюль. Я разумею, што ўсё, чым я ёсць, — можа спатрэбіцца толькі тут і, нават болей за тое, я хачу, каб яно было патрэбна толькі тут, і нідзе яшчэ я не хачу тое, што ўнутры мне ёсць, траціць. Шчыра кажучы, я наогул не разумею, які сэнс ненавідзець месца, дзе ты жывеш. Такая з'ява на самай справе не патрабуе філасофскага пярэчання, а патрабуе псіхіятрычнага вывучэння, як патрабуюць клінічнага вывучэння аўтаімунныя захворванні, у выніку якіх арганізм атакуе сам сябе ж.

Любоў да месца нараджэння даецца чалавеку ў тым жа камплекце, што і любоў да сябе самога. Мяркуецца, што любоў да сябе не дазволіць чалавеку, напрыклад, ссінячыцца і валяцца абассаным пасярод дарогі, булькаючы «вы ўсе вінаватыя, вы ўсе гаўно, за што вы так са мной, памагіця, напаіця, падыміця».

Адныя людзі змяняюць навакольнае пад свае патрэбы. Некаторыя — мяняюць месца жыхарства і карыстаюцца плёнам працы іншых людзей, гэтак жа як бабёр робіць у полі балота для сябе, і ў гэтае балота набягаюць усялякія казуркі, якія самі не здольныя зрабіць балота. Сярод баброў і казурак няма сэнсу ў існаванні асобінаў, якія займаюцца тым, што ненавідзяць адсутнасць балота, ці якіх не задавальняе працэс вытворчасці балота.

Наогул, агрэсіўным ныцікам варта зразумець, што наш блакітны шарык мяняецца ў лепшы бок толькі дзякуючы людзям, якія сядзяць на розных канцах Зямелькі і мяняюць яе любячы. Мне падаецца, што, калі б тыя, хто бачаць свой сэнс у дэкларацыі незадаволенасці, прыклалі палову сваёй энергіі, якую яны трацяць на ныццё, — каб адсюль нарэшце [зваліць]— усе б ад гэтага толькі выйграйлі. Не падабаецца — ці змагайся, ці валі. Тыя, хто змагаюцца, — не ныюць. Часам прайграюць і валяць. Тыя, каторыя ныюць, ніколі не прайграюць, бо не ўдзельнічаюць. Але і не зваляць усё ніяк. Бо зваліць — гэта таксама ўчынак, а на ўчынак ныцік па азначэнні не здольны.

З эстэтычнага пункту гледжання — кепска быць бляклым скрыўленым тараканам, але пры спакойным разважанні прыходзіш да высновы, што ўсе мы скрыўленыя ў той ці іншы бок і іншых тараканаў у мяне для вас няма. А тыя, што тыкаюць у скрыўленых пальцам і гідліва сціскаюць вусны і закочваюць вочы — куды больш мярзотныя, праўда, нават назвы для гэтага віду пакуль што, здаецца, няма.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?