У Канстытуцыю Беларусі могуць быць унесены змены, калі таго запатрабуе развіццё ўзаемаадносін у грамадстве і дзяржаве. Пра гэта заявіў старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч, адказваючы на пытанне БелаПАН 20 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Канстытуцыя, адзначыў Міклашэвіч, з'яўляецца «своеасаблівай грамадскай дамовай аб ладзе дзяржавы, аб узаемаадносінах у грамадстве і дзяржаве». Ад таго, як будуць развівацца адносіны, лічыць ён, можа паўстаць і неабходнасць унясення змяненняў у Канстытуцыю.

«У якой меры, якія гэта будуць папраўкі — для гэтага будуць праводзіцца абмеркаванні, стварацца адпаведная камісія, каб выпрацаваць прапановы. На гэтым этапе Канстытуцыйны суд не ўдзельнічае ў гэтым працэсе. Наша галоўная задача сёння ў тым, каб ахоўваць дзейную Канстытуцыю», — падкрэсліў кіраўнік Канстытуцыйнага суда.

Ён таксама дадаў, што Беларусь «паслядоўна развіваецца на канстытуцыйнай аснове як дэмакратычная, сацыяльная, прававая дзяржава». «Паводле міжнародных ацэнак, у нашай Канстытуцыі знайшлі належнае замацаванне ўсе асноўныя правы і свабоды чалавека, Асноўны закон адпавядае міжнародным стандартам», — заявіў Міклашэвіч.

Аб магчымых зменах у Асноўны закон заяўляў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 7 кастрычніка на сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу 5-га і 6-га скліканняў. Паводле яго слоў, настаў час для правядзення аналізу Канстытуцыі. «Паспрабуем падысці да гэтага пытання з розных бакоў — акуратна, каб не зрабіць горш. З'явіліся новыя праблемы, выклікі, ды і час, напэўна, патрабуе чагосьці новага. І пачынаць трэба з галоўнага, калі мы адважымся на гэта. Нам трэба стварыць групу мудрацоў, юрыстаў, якія прааналізуюць Асноўны закон. І калі трэба будзе, мы на гэта пойдзем», — сказаў кіраўнік дзяржавы, не канкрэтызуючы сутнасць магчымых змяненняў.

За гады прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі Асноўны закон змяняўся двойчы. У 1996 годзе была прынята новая рэдакцыя Канстытуцыі, якая істотна пашырыла паўнамоцтвы прэзідэнта, у 2004-м — адменены абмежаванні прэзідэнцкіх тэрмінаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0