У Лідскім раёне праводзілася праверка па факце ўкусу жывёлай 2-гадовага дзіцяці. Пра гэта БелТА паведаміў начальнік Лідскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксей Гайко.

Да медыкаў даставілі 2-гадовае дзіця са скаргай на ўкусы. Траўма была не вельмі сур'ёзная: невялікія пашкоджанні губы. Прычым паступіла інфармацыя, што ўкус нанёс дзікі звер, магчыма, янотападобны сабака.

«Праводзілі па дадзеным факце праверку. Бацька дзіцяці распавёў, што заўважыў пацярпелую жывёлу на абочыне. Мужчыну падалося, што сабаку збіла машына, вырашыў падабраць і адвезці да ветэрынара. Па дарозе заехаў дадому пераапрануцца. Расказаў пра здарэнне жонцы і дзіцяці, паказаў ім жывёлу», — адзначыў Аляксей Гайко. Нечакана звер ажыў і укусіў дзіця. Мужчына зразумеў, што ў дапамозе жывёла не мае патрэбы, і выпусціў яе ў лес. Высветліць, ці быў гэта звычайны сабака або янотападобны, ужо не ўяўляецца магчымым.

«У выпадку сустрэчы з дзікай жывёлай ні ў якім выпадку не варта набліжацца да яе, браць на рукі. Лепш адразу звярнуцца ў кампетэнтныя службы», — сказаў Аляксей Гайко. Ён падкрэсліў, што ў раёне працуе камісія па аказанні дапамогі дзікім жывёлам, якія трапілі ў бяду. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі прыродаахоўных службаў, лясгасаў, інспекцый па ахове расліннага і жывёльнага свету, супрацоўнікі МНС, ветэрынарныя лекары, прадстаўнікі мясцовых органаў улады. Распрацаваны алгарытм дзеянняў службаў і падраздзяленняў па аказанні дапамогі жывёлам. Часцей за ўсё сутыкацца ў сваёй рабоце камісіі даводзіцца з дзікімі лісамі, дзікамі, часам — і з ласямі, якія зайшлі ў населеныя пункты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0