У Беларусь паціху прыходзіць электронная кніга. Побач з кнігарняй ARCHE заўважная крама kniharnia.by, заснаваная ў 2015 годзе. Кагадзе сайт падвёў вынікі продажаў у 2016-м годзе: нумарам адзін стала праца Алеся Белага (Кухмістра Верашчакі) «Літвінская кухня». Гэта заслужаная ацэнка выдатнай і важнай кнігі, якая можа служыць не толькі дапаможнікам для аматараў кулінарыі, але і грунтоўнымі ўводзінамі ў гісторыю канчатковага знікнення Вялікага Княства Літоўскага.

Кніга складзеная аўтарам на падставе нарысаў, якія раней ужо выходзілі ў друку. Вядомы даследчык, аўтар этапнай манаграфіі «Хроніка Белай Русі» (у другім выданні — з мадэрновым падзагалоўкам «Імагалогія Беларусі ХІІ—XVIII ст.»), Белы ставіць за мэту ў новым зборніку «грунтоўную інвентарызацыю» літвінскай кухні ХІХ стагоддзя. Пад літвінскай кухняй ён разумее стравы, якія ўжывалі сацыяльныя групы, да якіх (тут з Белым можна паспрачацца) беларускі і літоўскі нацыяналізмы, а таксама камунізм ставіліся адмоўна ці варожа — польскамоўную арыстакратыю былога ВКЛ, шматмоўнае мяшчанства, заможнае сялянства. 

Кнізе папярэднічае прадмова, якая сцісла падсумоўвае і сістэматызуе тое, што потым абгрунтоўваецца ў нарысах на канкрэтных прыкладах. Белы расказвае, што, калі канцэпцыя беларускай кухні пачала фармавацца, яна не ўключала ў сябе аўтаматычна ўсё, што елася і пілося ў ХІХ стагоддзі на тэрыторыі будучай Рэспублікі Беларусь. Трэба мець на ўвазе, што беларуская кухня ўзнікла найперш праз вонкавую фіксацыю — этнографамі з імперскіх сталіц, якія масава адкрылі для сябе Беларусь у выніку паўстання 1863 года. Імперская рэакцыя трактавала беларусаў як сялян, якія патрапілі пад шкодны польскі ўплыў, і мела на мэце поўнае выкараненне польскасці з гэтага абшару, носьбітам якой лічылася шляхта. Нічога добрага для літвінскай кухні гэта, вядома, не варажыла.

У сваю чаргу ў масавым ужытку канцэпт беларускай кухні ўкараняецца позна, з 1950-х. Як і ў літоўскім выпадку, беларуская кухня аказалася арыентаванай найперш на сялянскую традыцыю, і ў гэтым сэнсе, падкрэслівае Белы, амаль нічога не змяняліся на працягу апошніх 60 гадоў. З нацыяналістычных і камуністычных перадумоў культурныя фільтры «адціналі» з кулінарнага канона сімвалы іншых сацыяльных груп, лічыць Белы. Былі, праўда, і выняткі: пра гэта ў прадмове няма ні слова, але з далейшага тэксту можна даведацца, напрыклад, што верашчака ўсё-такі трапіла ў меню рэстаранаў як беларуская нацыянальная страва, хаця яе ўзнікненне звязанае менавіта з «эксплуататарамі». Але ў цэлым страты сапраўды шматлікія: гэта і блытаніна з калдунамі, і бігас, сялява, і ўюны, і шмат чаго яшчэ.

У выніку «літвінская кухня» сёння практычна забытая. Між тым, яе «рэабілітацыя», якую ажыццяўляе і сам Белы праз выданне кніжкі, вяртае з забыцця магутную кніжную традыцыю, багатую культурнымі сэнсамі. Гэта разгалінаваная «гісторыя і міфалогія», сеціва культурных пароляў і асацыяцый. Такая спадчына, безумоўна, вартая ўвагі і шанавання.

Нарысы — асноўная частка кнігі — пабудаваныя тэматычна. У цэлым, яны ахопліваюць фінальны перыяд існавання «Вялікага Княства» — сістэмы лаяльнасцяў, заснаваных на польскай мове і гістарычнай памяці пра колішнюю складовую частку Рэчы Паспалітай. Вялікае Княства было важнай часткай польскай культурнай айчыны. Гэта быў прадукт традыцыі польскага рамантызму, ключавыя асяродкі якога, уласна, тут і склаліся. Рамантыкі сфарміравалі вялікі наратыў пра ўва ўсім пераважаючую над «караняжамі» Літву, актыўна выкарыстоўваючы ў якасці аргументацыі і кулінарыю. У 1920—1930-х гадах гэтая Літва паспяхова працягвала сваё існаванне ў міжваеннай Польшчы, паспяхова інтэгруючыся ў польскі нацыянальны канон (тут варта звярнуць увагу на першыя аграсядзібы на тэрыторыі Беларусі — запатрабаваныя на рынку вясковага турызму Другой Рэчы Паспалітай пансіянаты).

Белы пачынае сваё апавяданне ў канцы ХVIII стагоддзя, з Гродна Тызенгаўза. Паступова ён крок за крокам узнаўляе карціну літвінскай культуры — праз кухню.

Бацвінне, якое было некалі «брэндам» літвінскай кухні і ў Рэчы Паспалітай палякі ўтварылі грэблівую мянушку для жыхароў княства — boćwiniarze.

Халаднік, які рамантыкамі быў апеты як літоўская страва і такім чынам пашырыўся ў Польшчы. «Менскі халаднік» як праява памежнага становішча горада — паміж Літвой і Руссю.

Гэта цікавы і шматгранны малюнак, у якім традыцыя арыстакратычных фамілій арганічна суседнічае з каралеўскімі-кухарамі вынаходнікамі, якіх прыдумлялі верашчаку.

Гэта рэгулярна цытаваны Міцкевіч, пясняр Літвы (і польскага месіянізму, калі ўжо памятаць пра канфліктны патэнцыял нацыяналізмаў).

Таксама ў тэксце з’яўляюцца іншыя культурныя героі Літвы: браты Тышкевіч, Шпілеўскі, Ваньковіч, Крашэўскі і інш.

Знаходзіцца месца і для татараў, і для літоўскіх эксперыментаў у вынаходстве аўтэнтычна-літоўскіх назваў для страў, якія былі ў літвінскім (вось калі становіцца відавочным значэнне тэрміналогіі, якая б размяжоўвала дамадэрныя супольнасці і мадэрновыя нацыі) абыходку.

Кніжка паказвае таксама, як лёгка нараджаюцца — вынаходзяцца — новыя традыцыі і пісьмовыя міфалогіі (сам Кухмістр Верашчака абмінае адно важнае прозвішча, але я ўсё ж нагадаю яго — Гобсбаўм). Белы ахвотна (так здаецца з боку, прынамсі) уключае ў сваё апавяданне не толькі гістарычныя эпізоды і прозвішчы, датычныя ўласна эпохі Вялікага княства (Міцкевіча і г.д.). На старонках кнігі з’яўляюцца Ластоўскі і Драздовіч, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, трапна цытуецца нават Янка Купала (без указання імені, але для нездагадлівых цытата вылучаная курсівам). Гэта таксама крыху «ўскладняе» спрошчаную карціну-абагульненне, выкладзеную аўтарам у прадмове. Тут праясняецца, што нацыя — гэта не толькі рэпрэсіўная сіла, інструмент сімвалічнай прынукі, але і прадукцыйны механізм.

* * *

Для пратаколу трэба адзначыць пару дробных недахопаў. Найперш, гэта адсутнасць зместу (можа, таму што гэта электронная кніга?) Гэта справа густу, але мне падалося, што сям-там аўтар рызыкуе сапсаваць успрыманне залішняй патэтыкай і рыторыкай («строгія надзьмутыя дзядзькі», што стваралі беларуска-савецкі канон — вядома, крайне вытанчаная вобразнасць, але няўжо без яе ніяк няможна?).

Потым, ва ўвогуле даволі акуратнай і ашчаднай мове часам спатыкаешся аб тыя ці іншыя шурпатасці. Наватворы накшталт «шляхавода» (у слоўніках — даведнік) ці канцылярскае скарачэнне «РБ» рэжуць вока, асабліва на агульным фоне. Яшчэ ў якасці неабавязковага, але карыснага прыкладу ў кантэксце ідэй самога Белага: зручна, вядома, абапірацца на ТСБМ, якія ніяк не дыферэнцыюе словы вынаходніцтва, вынаходства і вынаходка (і так робіць Кухмістр, ужываючы толькі вынаходніцтва, калі часам на ягонае месца добра пасавала б вынаходка). Той жа РБС падае для гэтых слоў рознае значэнне — а гэта таксама акадэмічны слоўнік. Гэта здаецца тут дарэчным, бо непасрэдна тычыцца пытання пра фільтры і агульную чуллівасць да культурных кантэкстаў. Што да мовы, асобна варта ўпамянуць густоўную інтэграцыю ў тэкст дыялектызмаў (напрыклад, рачэй), якія выглядаюць вельмі дарэчна, развіваючы і дапаўняючы асноўны пасыл кніжкі.

Часам у кнізе здараюцца паўторы ў змесце — адчуваецца, што гэта зборнік паасобных публікацый.

Але на агульнае станоўчае ўражанне такія драбніцы зусім не ўплываюць.

* * *

Крытыка Белым «2-х вялізных этнаграфічных валуноў» — беларускага і (у меншай ступені) літоўскага, ягонае раздражненне «эфектыўнымі менеджарамі ад сялянскай культуры» — частка вялікай традыцыі крытыкі нацыяналізму як рэпрэсіўнай ідэалогіі, якая падаўляе культурную разнастайнасць асобных рэгіёнаў. Часта прыватны культурны досвед, які вынікае са штодзённых зносін у шматкультурным сацыяльным асяроддзі, рэпрэсуецца ўяўленай нацыяй. Асаблівую інтэнсіўнасць такая рэпрэсія набывае ў выпадках, калі нацыятварэнне адхілілася ад пажаданай схемы. Варта згадаць рэакцыю, якую выклікаюць спробы артыкуляваць культурны інтэрас да спецыфічнага культурнага характару заходнепалескага рэгіёна. Дагэтуль нераспрацаванай застаецца складаная гісторыя польска-беларускіх адносін і г.д.

Безумоўная вартасць кнігі ў тым, што Белы не спыняецца на звычайным апісальніцтве, якое часта пануе ў беларускай гістарычнай літаратуры. Ён прапануе свае тлумачэнні наяўнага становішча рэчаў. Кніга ўяўляе сабой практыкаванне ў гісторыі штодзённасці, даследчым кірунку, які ўсё яшчэ малазасвоены беларускай гістарычнай навукай. Патэнцыял гісторыі штодзённасці Кухмістр дэманструе навочна. У выніку да ўсёй кнігі можна аднесці словы самога аўтара: «як музыка, як напамін пра нейкія неймаверна далёкія старыя-добрыя часы».

Самі нарысы напісаныя жвава, яны напоўніцу выяўляюць кругагляд аўтара, ягоную абазнанасць у культурных традыцыях цяперашняй Беларусі (як рамантычнай літоўскай, так і позняй беларускай). Кніга дазваляе, без перабольшвання, непасрэдна (кожны ж можа ўзяць і прыгатаваць тыя стравы!) далучыцца да «краіны, якую мы згубілі» — старога-добрага Вялікага Княства Літоўскага, легендарнага краю Рамана Скірмунта, які па інерцыі існаваў пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і канчаткова знік у эпоху «крывавых зямель» — маштабных катастроф 1910—1950-х гадоў. Тыя, хто выжыў, пакінулі сваю бацькаўшчыну, і ў прыгожай вобразнасці гэтага выгнання немалую ролю адыграла літоўская кухня — непатрэбная новым дзяржавам-нацыям (і ўласна, Літве — якая іронія) і якую сёння прапануе беларусам адкрываць наноў Белы.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?