Апошнія дні ўсе, хто цікавяцца беларускім спортам, пільна сочаць за падзеямі ў Рызе, на Чэмпіянаце сьвету па хакею на льду.

Кульмінацыяй чэмпіянату для нас наступіла ўчора, калі беларуская рэпрэзэнтацыя атрымала сваю найвялікшую перамогу ў вышэйшым дывізіёне чэмпіянатаў сьвету ў гісторыі, разграміўшы Ўкраіну 9-1. Менавіта ўчора нават самыя скептычныя аматары паверылі, што ў нас нарадзілася новая каманда, якая зараз ужо стучыцца ў дзьверы элітнага хакейнага клюбу.

Нагадаю кораценька гісторыю разьвіцьця беларускай хакейнай рэпрэзэнтацыі. Упершыню ў чэмпіянаце сьвету (дывізіён C) яна ўдзельнічала ў 1994 годзе. У 1998-2000 гадах яна нядрэнна сябе пачувала ў вышэйшым дывізіёне, займаючы 8-9 месцы, але не прэтэндавала на мэдалі. З 2001 па 2004 год каманду насіла паміж вышэйшым і першым дывізіёнам, і найгоршым фінішам гэтага пэрыяду стаў пройгрыш Латвіі кваліфікацыі да Алімпіяды-2006. Выпадковы выхад у паўфінал Алімпіяды-2002 зусім ня ўпісваўся ў агульны трэнд..

І вось у 2005 годзе бомба - абвяшчаюць аб тым, што галоўным трэнэрам беларускай каманды стаў Глен Гэнлан, галоўны трэнэр каманды NHL Washington Capitals. Гэта было абсалютнай нечаканасьцю для беларускіх аматараў, звыклых да мясцовых, ці максымум расейскіх трэнэраў ува ўсіх відах спорту. Рэакцыя на прызначэньне была разнастайнай - ад неўтаймаванай радасьці да пэсымістычнага скептыцызму. Як і чакалася, Гэнлан быў з камандай толькі ў час чэмпіянату сьвету, таму што ў астатні час у яго хапала працы і ў Вашынгтоне.

Але ўжо ў 2005 годзе, літаральна празь месяц пасьля прызначэньня Гэнлана, каманда нечакана добра выступіла на ЧС-2005. Пікам выступу стала перамога над гаспадарамі (Аўстрыяй) 5-0. У выніку каманда заняла 10-е месца, якое было прызнана значным посьпехам пасьля чатырох гадоў бадзяньня туды-сюды.

І вось 2006 год… Пачалося ўсё з перамогі над канадцамі ў разьміначнай гульні. А як працягнулася… Ужо ў першай гульні на чэмпіянаце беларусы шакавалі хакейны сьвет перамогай над славакамі, камандай зь «вялікай васьмёркі». Пасьля гэтага былі нешчасьлівая параза ў адзін гол Расеі 2-3, разгром казахаў 7-1, чаканы пройгрыш Швэцыі 1-4, і вось рэкорд - 9-1 з зусім неслабой Украінай, якая папорціла нэрвы і швайцарцам, і швэдам. Бачна, што гэтая каманда сапраўды можа замахнуцца на мэдалі.

Што ж зьмянілася? Адказ толькі адзін - зьмянілася мэнтальнасьць каманды. Канадзкі трэнэр у параўнаньні з усімі постсавецкімі - гэта як Дамінга ў параўнаньні з Саладухам. У постсавецкіх трэнэраў была адна задача на чэмпіянат - абыграць якога-небудзь аўтсайдэра і як-небудзь застацца ў вышэйшым дывізіёне на наступны год. Усё гэта зьмешвалася з расейска-савецкім падыходам да працы і пэдагогікі, матамі ў распранальні, пакараньнямі за пройгрышы, напружаным кліматам у камандзе, пафігістычным падыходам некаторых гульцоў да выніку. Як жа ўсё зьмянілася… Зараз каманда - непадзельная адзінка, дзе кожны за кожнага, і дзе гульцы сапраўды робяць усё для атрыманьня найвышэйшых вынікаў. Чаго толькі каштуе трэніровачная форма з надпісам «Мы тут, каб рабіць гісторыю».

Але ж пры ўсёй ружовасьці стану рэчаў у хакеі, мяне ўсё ж цікавіць палітычны складнік. Вядома, што Лукашэнка вельмі любіць хакей, і вялікая колькасьць лядовых палацаў гэта пацьвярджае. Добра ахоўваецца таямніца, колькі ж насамрэч атрымлівае Гэнлан за свае высілкі. Вельмі неадназначнае пытаньне - ці маглі б мы чаго-небудзь дабіцца ў хакеі, калі б рэжым зьмяніўся… Цікавы момант, што ў артыкуле ў Вікіпэдыі напісана, што Гэнлана наняў наўпрост Лукашэнка. І гэта пры тым, што фармальна Фэдэрацыя хакея Беларусі зьяўляецца незалежна ад дзяржавы грамадзкай арганізацыяй; якую, праўда, ачольвае дзейны міністар унутраных спраў Уладзімер Наумаў, чалавек, якога падазраюць у датычнасьці да зьнікненьняў людзей. Для прыкладу можна сказаць, што ўва Ўкраіне хакей сапраўды разьвіваецца абсалютна незалежна ад дзяржавы - трэнэр Сеўканд скардзіцца, што ў гэты раз ніводная афіцыйная асоба нават не пажадала ўдачы перад чэмпіянатам; і вось вынік - прайграюць 1-9. Але ж застаюцца ў вышэйшым дывізіёне…

Вядома, што ёсьць рэчы, важнейшыя за спорт. Але істотная падтрымка Лукашэнкі ў грамадзтве грунтуецца, у тым ліку, на спартовых перамогах - хакей, Несьцярэнка, Кубак Дэвіса, Зубрылава, Дашчынскі, Макараў і г.д…

BM

TOL-Блоґі Беларусі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0