22 студзеня споўнілася б 100 гадоў адному з самых любімых, значных і праслаўленых нашых спевакоў, народнаму артысту Беларусі і СССР (1917—1967), імя якога цяпер мала хто ведае…

Нарадзіўся Мікалай Дзмітрыевіч Ворвулеў на берагах Дона ў невялікім, але гістарычным гарадку Паўлаўск (цяпер Варонежская вобласць Расіі), у беднай сям’і.

Часам сустракаецца неабгрунтаванае напісанне Варвулёў, але бацька спевака, украінец з паходжання, меў наогул прозвішча Ворвуль, ды і сам славуты барытон падпісваўся менавіта як Ворвулеў.

У сям’і Ворвулевых усе і заўсёды спявалі, гэта было прынята.

Асабліва любіў спяваць Мікола з татам, калі той браў яго з сабой на станцыю — бацька падпрацоўваў рамізнікам: падвозіў людзей у Паўлаўск з бліжэйшай чыгуначнай станцыі, да якой было трыццаць вёрст. Усю дарогу варонежскі стэп заліваў малады звонкі голас Міколы. Пэўная народнасць голасу, манеры выканання, падачы будзе потым прыкметная ў Ворвулева і ў акадэмічным вакале.

Скончыўшы мясцовую сямігодку, Мікола паступае ў чыгуначны тэхнікум, які заканчвае ў 1935 і спрабуе звязаць сваё жыццё з медыцынай, але жаданне спяваць перамагае.

Мікалай апынаецца ў Бахмуце (Арцёмаўску), у музычнай вучэльні, у добрых руках педагога Васіля Карына-Вішкарова (1889 — пасля 1969), выпускніка Кіеўскай кансерваторыі (1923), вучня знакамітага вакальнага педагога Эторэ Гандольфі.

Менавіта следам за сваім настаўнікам хлопец аказваецца ў савецкім Мінску — Васіль Фёдаравіч перавёўся на працу ў маладую ўстанову — Беларускую кансерваторыю, у якую прынялі і Мікалая на падрыхтоўчае аддзяленне.

На ўступных экзаменах Мікола зрабіў асаблівае ўражанне на прафесара Паніну, ды так, што прафесар заспявала з Міколам дуэт з «Дэмана» (Ніна Паніна была ўдалым педагогам і знакамітай спявачкай, яшчэ за царскім часам дваццаць гадоў спявала ў Марыінскім тэатры).

Да вайны Мікалай паспявае закончыць два курсы кансерваторыі, а таксама пачынае працаваць у Ансамблі песні і танца Беларускай вайсковай акругі (1939—1946), усю вайну адпрацаваўшы ў складзе франтавых канцэртных брыгад, выступаючы амаль увесь час на фронце.

Кансерваторыю давядзецца заканчваць ужо пасля вайны, у 1954 годзе, у класе Яўгена Віцінга, аднаго з лепшых вакальных педагогаў краіны. Адметна, што на той момант Мікалай Ворвулеў быў ужо народным артыстам Беларусі…

У 1946 годзе ў Мінску пачынаецца оперная кар’ера Ворвулева, якая распадаецца на два роўныя па працягласці, але неаднолькавыя перыяды -— беларускі і ўкраінскі. У 1946—57 Ворвулеў спяваў на сцэне Беларускай оперы, стаў кумірам, а наступныя дзесяць год — на сцэне Кіеўскай, і гэтыя гады былі вельмі супярэчлівымі і не прынеслі шчасця Ворвулеву-чалавеку, хаця і ў Кіеве быў і шалёны поспех, і добрыя ўмовы для творчасці.

Беларуская кар’ера спевака была фантастычнай. Мікалай Ворвулеў дэбютаваў на беларускай опернай сцэне, і на опернай сцэне наогул, 13 студзеня 1946 ў такой эфектнай партыі як Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ).

Праз два гады пасля дэбюту ўжо заслужаны артыст БССР, у 1954 — народны, у 1956 — народны СССР.

Усяго на сцэне Беларускай оперы Ворвулеў будзе выканаўцам больш як трыццаці барытонавых партый, усе — цэнтральнага становішча.

Зараз цяжка ўявіць, што ў тыя часы ў паловы жыхароў не было не тое, што радыё, але і чыталі пры лучыне.

Роля тэатра, выканальніцкіх мастацтваў у цэлым, была каласальнай. Такой жа была і папулярнасць артыстаў.

Задоўга да з’яўлення ў Мінску Зіновія Бабія, абсалютна геніяльнага спевака-самародка, падобны ўзровень славы і народнай любові зазнаў Мікалай Ворвулеў. Прыхільнікі атакавалі артыста, яго аўтамабіль, кватэру… Цяжка паверыць цяпер, але падлеткі і студэнты чакалі Ворвулева ля дзвярэй яго любімага рэстарану, каб, праводзячы яго дадому, вымусіць яго спяваць і паслухаць папулярныя песні і вакальную класіку, ідучы вячэрняй парою па галоўным праспекце Мінска…

Неймаверна, а мо і фальклор з жанру «байка экскурсавода», але ў Мінску тады кожны дарожны інспектар мог пазнаць Ворвулева.

Тагачасная мінская партнёрка Ворвулева, сапрана Аіда Хачатураўна Думанян (1924—1996) згадвала, як аднаго разу з імі здарылася прыгода пасля спектакля «Аіда», у якім — рэдкі і ці не адзіны выпадак — Аіда спявала Аіду, Ворвулеў спяваў яе бацьку, эфіёпскага цара Аманасра. (У нашым тэатры заўсёды была дзіўная мода, шмат у чым тэатральнае грым-клішэ, моцна ваксіць эфіёпаў a la nègre).

І вось, загрыміраваныя, стомленыя артысты не могуць памыцца — у тэатры адключылі ваду! Дзякаваць богу, лета. Любоў, жонка Ворвулева, прапанавала паехаць да іх. Скочылі ў касцюмах і грыме ў машыну Ворвулева — Аманасра за стырном, Аіда — побач, Любоў рагоча ззаду. Людзі ў шоку, азіраюцца. Машыну — а іх тады ў Мінску не было шмат (пачатак 1950-х), — спыняе інспектар ДАІ і, пазнаўшы артыста, дакарае: «Што ж Вы, Мікалай Дзмітрыевіч, народ палохаеце…»

Янка Брыль згадваў: «Пятро Глебка, Мікола Ворвулеў i я гасцявалі вясной пяцьдзесят чацвёртага ў сям’і Багдана Чалага, у доміку ў садзе, на ўскраіне Кіева. Калі на ўтульным дворыку пачаліся танцы, Ворвулеву не хапіла партнёркі. Ён пакланіўся таўшчэзнай, вясёлай Багданавай бабусі, пачаў угаворваць яе: «Вы сабе стойце, а я буду каля вас укругаля!»

I так у ix пайшло: яна дабрадушна смяялася на адным месцы, а ён пацэтна вытанцоўваў кругам. Пасля таго, як цешыў нас сваім магутным голасам у песнях — украінскіх i нашых. Ужо i яго, Міколы, больш за трыццаць гадоў няма, i танцы тыя богведама калі былі, а светла помніцца».

Тыя, хто памятае Міколу Ворвулева, кажуць, што гэта быў чалавек-стыхія. Гарачы, палкі, з самабытным талентам, не чужы да простых жыццёвых радасцяў… Часам, нават, самых простых, што адыгрывала ў яго лёсе драматычную ролю… Меў выдатнае пачуцце гумару, быў добрым таварышам і партнёрам па сцэне. Гастраляваў не толькі ў Савецкім Саюзе і сацлагеры — меў вялікае канцэртнае жыццё, — аднаго разу артыста з Мінска нават выпусцілі ў Вялікабрытанію, дзе ў Англіі ён меў трыумф (1955).

Як камерны выканаўца, Ворвулеў быў вельмі моцны, што для опернага спевака не так часта здараецца. З трох куплетаў мог зрабіць драму, цэлы спектакль. І вельмі багата выконваў народных песень — асабліва беларускіх і ўкраінскіх.

Пасля пераезду ў Кіеў, Ворвулеў яшчэ меў шмат цікавай працы, прызнання і любові публікі — кіеўцы кажуць, што ў той час у оперу хадзілі на Ворвулева і Гнацюка.

Як сцвярджаюць беларускія сябры спевака, Ворвулеў шкадаваў, што кінуў Мінск, у якім быў каралём. Народны артыст Беларусі і СССР Мікалай Ворвулеў памёр 29 жніўня 1967 года ва ўзросце пяцідзесяці год ад цяжкай хваробы, у росквіце сілаў — барытоны старэюць адносна позна. Пахаваны ў Кіеве на Байковых могілках.

Застаецца толькі шкадаваць, што захавалася вельмі мала запісаў Ворвулева. Пра гэта ён зусім не дбаў.

Мікалай Ворвулеў меў голас ад Бога — прыгожы лірыка-драматычным барытон вялікага дыяпазону. Нельга сказаць, што тэмбр Ворвулева нейкі асабліва раскошны, не быў Ворвулеў і майстрам стылю, але спявак славіўся чысцінёй і выразнасцю інтанацый, яркім артыстызмам і тэмпераментам, шчырасцю, сардэчнасцю, вялікай сцэнічнай абаяльнасцю, спяваў з глыбінёй пачуцця. Такім і павінен быць добры артыст оперы — арганічна яднаць вакальны і акцёрскі пачаткі. Бо опера — гэта яшчэ і тэатр, пра што ў Беларусі заўсёды ведалі.

***

Сяргей Русецкі — этнолаг і мастацтвазнаўца, педагог. Сёлета пабачыць свет энцыклапедычны даведнік С.Русецкага «Оперныя спевакі Беларусі», плён чатырохгадовай працы аўтара, які змяшчае каля 500 біяграфій артыстаў оперы, якіх нарадзіла нашая зямля і якія працавалі на ёй, а таксама больш як 3000 фотаздымкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?