У сваім першым інтэрв’ю еўрапейскім СМІ Трамп сказаў, што Еўрапейскі Саюз — гэта найперш «лакаматыў для Германіі». І недвухсэнсоўна дадаў: «Я лічу, што іншыя будуць сыходзіць», як гэта плануе зрабіць Вялікабрытанія.

Да гэтых слоў дадалося абяцанне прыярытэтна заключыць дамову аб свабодным гандлі з Брытаніяй — сігнал іншым патэнцыйным кандыдатам на выхад.

70 гадоў ЗША бачылі ў Еўропе процівагу Савецкаму Саюзу і Расіі, важнага і надзейнага саюзніка.

Трамп жа бачыць у Еўрасаюзе эканамічнага, гандлёвага канкурэнта і таму мае намер аслабляць яго. ЕС экспартуе ў ЗША больш, чым імпартуе — значыць, ЕС праціўнік.

Такая логіка стала шокам для еўрапейскіх лідараў.

Чытайце яшчэ: Дональд Трамп і новы сусветны парадак — артыкул «Шпігеля»

План Трампа

70 гадоў ЗША спрыялі еўрапейскаму адзінству. Гэтая краіна рэалізавала план Маршала, падтрымлівала стварэнне адзінага еўрапейскага рынку і спрыяла пашырэнню Еўропы на Усход пасля падзення жалезнай заслоны. А цяпер у Белы дом прыйшоў чалавек, які — прынамсі на словах — разлічвае на распад ЕС.

Больш за тое, ягоныя жаданні супадаюць з мэтамі Пуціна. Расія актыўна працавала на развал Еўрасаюза ўсе апошнія гады.

Унутрыамерыканскія спрэчкі — кансерватыўны ці ліберальны падыход да абортаў, дапушчальнае і недапушчальнае ў публічнай рыторыцы, права на валоданне зброяй, прыём імігрантаў і тым больш Obamacare — маюць на Беларусь ускосны ўплыў. У нас свой лад, свае звычкі і традыцыі, яны ўстойлівыя, змяняюцца з часам, але не хутка, і амерыканскія ўзоры працуюць не ўсе і не заўжды.

Намер Трампа абмежаваць гандаль з Кітаем, Мексікай ці Нямеччынай будзе ўплываць на сусветную эканоміку ў цэлым і цэны на нафту ў прыватнасці, ад якіх залежыць расіезалежная беларуская гаспадарка. Баюся, вынікаў гандлёвай вайны ЗША з Кітаем не можа прадказаць ніхто ў свеце — нават кіраўніца Федэральнай рэзервнай сістэмы ЗША.

Цікава, што сусветныя рынкі амаль ніяк на гэтую пагрозу не рэагуюць. Магчыма, бізнэс не верыць, што гэтыя пагрозы будуць Трампам рэалізаваныя.

Магчыма, нічым не скончацца і пагрозы Трампа на адрас ЕС і НАТА. І гэта добра, бо распад Еўрасаюза і Паўночнаатлантычнага альянсу меў бы для Беларусі вызначаныя і ясна негатыўныя наступствы.

Для Беларусі Еўрасаюз пры ўсіх сваіх слабасцях і ўмоўнасцях быў полюсам — сімвалічным, але таксама і эканамічным і, патроху, таксама палітычным, які ўраўнаважваў полюс Расіі.

Полюсы сілы вакол Беларусі

Мінск мог доўга і дробязна дражніць і крытыкаваць Еўрасаюз — за што атрымліваў грошы ад Расіі. Беларусь пры гэтым някепска адчувала сябе між двума полюсамі сілы — Расіі і Еўрасаюза. Перыяд пашырэння Еўрасаюза і росту яго эканомікі быў адначасова перыядам, калі Беларусь дасягнула раней нязнанага дабрабыту.

Самае страшнае для Беларусі і рэгіёна сталася б, калі б пачалі перакройваць межы. Страшнае — бо сама Беларусь мае найслабшае «нацыянальнае пачуцце» і пры гэтым наймацнейшую энергетычную залежнасць. Калі каго і захочуць «з’есці не падавіўшыся», то гэта яе.

Канечне, пасля 70 гадоў міру ў Еўропе цяжка паверыць, што выпадковая перамога папуліста на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША здольныя за некалькі гадоў перакуліць усю сістэму еўрапейскіх адносін.

У кожным разе, Трамп разглядае міжнародныя адносіны як zero sum game, у адрозненне ад Абамы з яго асцярожным і часта нават нерашучым пошукам win win.

Роля Нямеччыны і Польшчы і выбар Мінска

Цяпер усе погляды звернутыя на Германію. Усё ж Германія багацейшая за Расію і мае каласальны інтэлектуальны патэнцыял.

Германія, імаверна, можа разлічваць на поўную падтрымку краін Скандынавіі, Балтыі, Цэнтральнай Еўропы. Напэўна, і Францыя да Лё Пэн ніколі не апусціцца.

40-мільённая Польшча — таксама моцная эканоміка, што за апошнія дзесяцігоддзі назапасіла 100-мільярдныя золатавалютныя рэзервы.

Ці зможа Ангела Меркель захаваць адзінства Еўрасаюза? Калі ЕС ці, прынамсі, ягонае ядро выйдзе з гэтага выпрабавання цэлым, то ён выйдзе і мацнейшым.

Пакінуты і адкінуты Амерыкай Еўрасаюз volens nolens будзе нарошчваць і свае абаронныя магчымасці.

Калі Расія не будзе замахвацца на межы і суверэнітэт, то Беларусь застанецца яе сатэлітам.

Калі ж Расія будзе замахвацца, то Беларусь у пошуках процівагі Расіі можа паспрабаваць зблізіцца з Польшчай, Нямеччынай і скандынаўскімі краінамі. Нават зменшаны ў памерах Еўрасаюз застанецца эканамічным гігантам і носьбітам вялікіх ідэй і каштоўнасцяў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?