22‑гадовы кіроўца «Мэрсэдэса» ўмудрыўся ноччу ў Менску за адну хвіліну двойчы трапіць у дарожна‑транспартныя здарэньні.

Як паведаміў карэспандэнту «Звязды» інспэктар аддзяленьня агітацыі і прапаганды ДАІ ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандар Гузаў, першае ДТЗ з удзелам гэтага вадзіцеля адбылося каля паловы трэцяй ночы на перакрыжаваньні вуліц Старажоўскай і Багдановіча: кіроўца парушыў патрабаваньне дарожнага знака і ў выніку сутыкнуўся з аўтамабілем «Фольксваген».

Аднак замест таго, каб застацца на месцы аварыі, парушальнік націснуў на газ і паспрабаваў зьнікнуць. Толькі, відаць, удача ад яго той ноччу сапраўды адвярнулася: праз хвіліну на вуліцы Янкі Купалы «Мэрсэдэс» вынесла за межы праезнай часткі і аўтамабіль сутыкнуўся з асьвятляльнай мачтай. Пакуль невядома, ад чаго ўцякаў кіроўца пасьля ўчыненьня першага ДТЗ — на той момант апытаць яго не ўяўлялася магчымым: у выніку другога здарэньня пацярпелы зь пераломамі касьцей таза і траўмай жывата быў тэрмінова дастаўлены ў бальніцу.

Паводле: Ігар Грышын, «Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0