Група беларускіх дзяржаўных служачых у 2016 годзе ўпершыню прайшла стажыроўкі ў Нацыянальнай школе адміністрацыі Францыі (ENA). Падвядзенне вынікаў стажыровак 23 студзеня арганізавала ў Мінску пасольства Францыі.

На думку пасла Дзідзье Канеса, удзел беларускіх прадстаўнікоў у стажыроўках «сведчыць аб рэальных захадах» у паляпшэнні двухбаковых адносін.

Дыпламат расказаў, што Нацыянальная школа адміністрацыі Францыі заснавана ў 1945 годзе Шарлем дэ Голем для падрыхтоўкі вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў і на сёння з'яўляецца адной з самых прэстыжных вышэйшых школ краіны. У школе ў свой час навучаліся шматлікія французскія палітыкі і кіраўнікі вышэйшага звяна, у тым ліку дзейны прэзідэнт Франсуа Алянд, адзначыў пасол.

«Пры гэтым школа не адносіцца да ліку класічных ВНУ і не выдае ўніверсітэцкіх дыпломаў. Гэта перш за ўсё школа практычнага навучання, якая прывівае дзяржаўным служачым навыкі, неабходныя для выканання іх прафесійных задач. Выкладаюць у школе вышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі, якія адказваюць за найважнейшыя сферы дзейнасці, што гарантуе прамую сувязь ведаў, якія выкладаюцца, з рэаліямі сучаснага дзяржкіравання», — удакладніў Канес.

Па выніках адбору ў двухтыднёвых стажыроўках узялі ўдзел дзевяць дзяржслужачых з Беларусі, якія прадстаўляюць Дзяржаўны мытны камітэт, Міністэрства эканомікі і іншыя ведамствы. Заняткі праходзілі ў Парыжы і Страсбургу.

«Я тым больш рады, што гэтая новая частка нашага супрацоўніцтва з Беларуссю з'явілася ў момант знамянальнай для нас усіх даты — 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Францыяй і Беларуссю, гэтую дату мы будзем адзначаць 25 студзеня», — дадаў дыпламат.

Пасол паведаміў, што фінансаванне стажыровак беларускіх удзельнікаў стала магчымым дзякуючы падтрымцы Еўрасаюза па праграме абменаў MOST, якая стартавала ў верасні 2015 года ў Беларусі.

Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС Андрэа Віктарын удакладніла, што па гэтай праграме ўжо прайшлі стажыроўкі каля 750 удзельнікаў, 95 з іх навучаліся ў Францыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?