У Беларусі ў 2017-2019 гадах будуць знятыя абмежаванні на адкрыццё рахункаў у замежных банках. Гэта прадугледжана комплексам мер па рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады, які зацверджаны пастановай Савета Міністраў нумар 18 ад 12 студзеня 2017 года, паведамілі ў прэс-службе ўрада.
Сярод мер па ўдасканаленні грашова-крэдытнай і валютнай палітыкі таксама названа падтрыманне працэнтных ставак у эканоміцы на дадатным (у рэальным выражэнні) узроўні і паступовае іх зніжэнне па меры макраэканамічнай стабілізацыі і запаволення тэмпаў інфляцыі.
Першаснай мэтай дзейнасці Нацбанка будзе ўстаноўлена падтрыманне цэнавай стабільнасці. Нацбанк таксама будзе забяспечваць своечасовае і поўнае выкананне абавязацельстваў па пагашэнні валютных абавязацельстваў (у тым ліку пры дапамозе рэфінансавання). Курсавая палітыка будзе праводзіцца ў рэжыме кіруемага плавання, золатавалютныя рэзервы будуць нарошчвацца і падтрымлівацца на бяспечным узроўні.
Поўная адмена абавязковага продажу валютнай выручкі і адмена мэтавай куплі замежнай валюты суб'ектамі гаспадарання - рэзідэнтамі прадугледжаны ў 2018 годзе. Прадоўжыцца дэдаларызацыя эканомікі.
У 2017 годзе будзе распрацаваны парадак фарміравання, зацвярджэння і выканання плана фінансавання Банкам развіцця дзяржаўных праграм і мерапрыемстваў. Штогод будуць зацвярджацца гранічныя аб'ёмы льготнага крэдытавання дзяржпраграм і мерапрыемстваў.