На карэспандэнта тэлеканала RT America Аляксандра Рубінштэйна заведзеная справа аб удзеле ў масавых беспарадках. Рубінштэйн быў затрыманы ў Вашынгтоне 20 студзеня, калі ён рабіў рэпартаж пра акцыі пратэсту, якія суправаджалі інаўгурацыю прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, піша «Медуза».

Фігурантам справы аб удзеле ў масавых беспарадках стаў і яшчэ адзін журналіст, затрыманы ў дзень інаўгурацыі Трампа ў сталіцы ЗША, — Эван Энджэл з амерыканскай медыякампаніі Vocativ.

Абвінавачванні ў здзяйсненні цяжкага злачынства другой ступені, выстаўленыя супраць Рубінштэйна і Энджел, прадугледжваюць максімальнае пакаранне аж да 10 гадоў турмы і штрафу да 25 тысяч даляраў. Абодва журналісты пасля затрымання былі адпушчаныя на свабоду.

Кампанія Vocativ назвала затрыманне свайго супрацоўніка «парушэннем Першай папраўкі да Канстытуцыі, якая парушае свабоду слова».

У сваю чаргу галоўны рэдактар RT Маргарыта Сіманьян напісала ў твітары, што па просьбе юрыстаў тэлеканал пакуль не каментуе справу ў дачыненні да Рубінштэйна.

Папярэдняе слуханне па справе Рубінштэйна прызначанае на 16 лютага.

У дзень уступлення Дональда Трампа на пасаду прэзідэнта ў Вашынгтоне ўдзельнікі акцый пратэсту разбілі некалькі аўтамабіляў і вітрын крам. Паліцыя была вымушана прымяніць спецсродкі для разгону дэманстрантаў. Больш за 200 удзельнікаў акцыі пратэсту былі затрыманыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?