«Тры выпадкі анафілактычнага шоку за такі кароткі прамежак часу — сітуацыя нестандартная, але не трэба запалохваць насельніцтва», — заявіў журналістам 25 студзеня віцэ-прэм'ер Беларусі, былы міністр аховы здароўя Васіль Жарко. У параўнанні з сусветнай практыкай выпадкаў алергічнай рэакцыі на медпрэпараты не так і шмат, дадаў ён.

Паводле слоў Жарко, летась у Беларусі было зафіксавана 25 выпадкаў алергічнай рэакцыі на цэфтрыяксон — прэпарат у асноўным расійскай і польскай вытворчасці. Ён таксама падкрэсліў, што лячэнне антыбіётыкамі павінна праходзіць толькі пад наглядам доктара.

Першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, размаўляючы з журналістамі 25 студзеня перад пачаткам калегіі Міністэрства аховы здароўя, звярнуў увагу на тое, што выпадкі алергічнай рэакцыі на антыбіётыкі, як і іншыя лекі, рэгіструюцца ва ўсім свеце.

У 2016 годзе, паведаміў ён, у Беларусі было зафіксавана 254 выпадкі алергічнай рэакцыі на лекавыя прэпараты. «У год у свеце фіксуецца ад аднаго да трох выпадкаў на 10 тысяч чалавек алергіі на лекі. Гэтыя праблемы былі заўсёды», — падкрэсліў чыноўнік.

Ён адзначыў, што рэалізацыя цэфтрыяксону ў Беларусі прыпыненая, цяпер гэты антыбіётык правяраюць. Піневіч упэўнены «практычна на 100%», што вынікі праверкі пацвердзяць адпаведнасць прэпарата ўсім неабходным стандартам якасці.

Першы намеснік міністра таксама паведаміў, што доля прымянення цэфтрыяксону ў Беларусі складае 35-40%. Менавіта з гэтай прычыны, выказаў меркаванне ён, зафіксаваная такая колькасць рэакцый — тры выпадкі за кароткі тэрмін.

З 16 па 20 студзеня ў Беларусі ад анафілактычнага шоку пасля ўвядзення цэфтрыяксону з лідакаінам памерла жанчына і пацярпелі двое дзяцей.

31-гадовая жыхарка Маладзечанскага раёна (Мінская вобласць) памерла пасля ўколу антыбіётыку, ампулу якога прынесла з сабой у фельчарска-акушэрскі пункт. Па факце смерці распачатая крымінальная справа, прызначаная судова-медыцынская экспертыза, праводзяцца лабараторныя даследаванні.

20 студзеня ў Барысаве (Мінская вобласць) 11-гадовы хлопчык быў шпіталізаваны пасля ўвядзення ў хатніх умовах цэфтрыяксону расійскай вытворчасці, набытага не ў Беларусі. Школьніку быў пастаўлены дыягназ — анафілаксія на ўвядзенне цэфтрыяксону або лідакаіну, анафілактычны шок. У той жа дзень у Ганцавічах (Брэсцкая вобласць) у рэанімацыю мясцовай бальніцы была дастаўленая 12-гадовая дзяўчынка, якой маці ўвяла цэфтрыяксон для лячэння гнойнай ангіны. У цяперашні час жыццё дзяцей па-за небяспекай.

Пасля смерці жыхаркі Маладзечанскага раёна рэалізацыя цэфтрыяксону (парашок для гатавання раствору для ін'екцый 1 г у флаконах, серыя 210215) і лідакаінау гідрахларыду (раствор для ін'екцый 10 мг/мл у ампулах 5 мл, серыя 50910) вытворчасці ААТ «Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў» была прыпыненая. Часовая забарона будзе дзейнічаць да высвятлення прычын, з-за якіх у жанчыны развіўся анафілактычны шок.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?