На тэрыторыі Беларусі ў будучыні можа быць пабудаваная большая колькасць атамных электрастанцый, заявіў на прэс-канферэнцыі 25 студзеня ў Мінску старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Уладзімір Гусакоў.

«Мы лічым, што гэта не апошняя атамная станцыя на тэрыторыі Беларусі, — сказаў ён. — Можа быць, я апярэджваю, але мы мяркуем, што будуць стварацца яшчэ атамныя станцыі, можа быць, у 2030 годзе».

«Гэта аб'ектыўна, таму што калі мы ставім задачу па рэзкім нарошчванні ВУП і павышэнні ўзроўню дабрабыту нашага народа, мы павінны абавязкова нарошчваць сваю энергетыку. Якая эфектыўнасць энергетыкі і ўзровень энергазабеспячэння, такая і эфектыўнасць эканомікі. У нас сёння пакуль недастатковае энергазабеспячэнне і энергаэфектыўнасць, таму нам трэба ў гэтым напрамку вельмі актыўна працаваць», — дадаў кіраўнік НАН.

Гусакоў адзначыў, што акадэмія навук адказвае за навуковае суправаджэнне будаўніцтва Беларускай АЭС, а пасля запуску станцыі працягне праводзіць на ёй навуковую працу ў галіне ядзернай энергетыкі.

Акрамя гэтага, сказаў навуковец, НАН займаецца развіццём тэхналогіі па атрыманні энергіі з іншых крыніц. «Мы актыўна працуем у галіне сонечнай, вадароднай энергетыкі, энергетыкі мясцовых рэсурсаў, нетрадыцыйнай энергетыкі — на перспектыву», — падкрэсліў Гусакоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?