Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выканаў адно са сваіх перадвыбарных абяцанняў і падпісаў указ аб будаўніцтве сцяны на мяжы Злучаных Штатаў з Мексікай. Ён па-ранейшаму настойвае, што плаціць за сцяну ў выніку будзе Мексіка, перадае ВВС. 

Reuters

Reuters

У сераду ў інтэрв'ю ABC News Трамп заявіў, што Мексіка «абсалютна, на 100%» пакрые ЗША кошт сцяны.

«Мы пачнём гэтыя перамовы даволі хутка. І нам — ў нейкай форме — пакрые выдаткі Мексіка», — заявіў Трамп.

«Я проста кажу вам, што будзе плацёж. Ён будзе ў нейкай форме — магчыма, у складанай форме, — і вы павінны зразумець гэта. Тое, што я раблю, — на карысць Злучаных Штатаў», — дадаў ён.

Па словах Трампа, яго план таксама пойдзе на карысць Мексіцы.

Мексіканскія ўлады ў мінулым не раз заяўлялі, што не маюць намеру плаціць за сцяну.

Трамп таксама падпісаў указ, які робіць больш жорсткай палітыку ў дачыненні да так званых гарадоў-сховішчаў.

Раней яго прэс-сакратар Шон Спайсер растлумачыў, што гарады накшталт Сан-Францыска адмаўляюцца супрацоўнічаць з федэральнымі ўладамі па пытанні барацьбы з нелегальнай іміграцыяй. Трамп у выпадку такой адмовы хоча зрэзаць ім фінансаванне.

Агенцтва Рэйтэр таксама паведамляе, што ў бліжэйшыя дні Трамп увядзе часовую забарону на ўезд у ЗША бежанцаў, а таксама прыпыніць выдачу віз для грамадзян Сірыі і яшчэ некалькіх краін Блізкага Усходу і Афрыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?