Фота Closer.

Фота Closer.

Скандал у Францыі можа змяніць расклад сілаў на прэзідэнцкіх выбарах. Сатырычная газета «Канар аншэнэ» апублікавала расследаванне пра жонку кандыдата ў прэзідэнты Францыі ад правіцы Франсуа Фіёна.

Газета піша, што яна толькі лічылася памочніцай спачатку Фіёна, а пасля дэпутата, які заняў яго месца.

Нічога не рабіла, але пры гэтым атрымлівала да 7900 еўра за месяц заробку.

Закон у Францыі не забараняе дэпутатам наймаць памочнікамі сваякоў, але пры ўмове што яны рэальна працуюць. Усяго кожны дэпутат мае права плаціць памочнікам да 9561 еўра бруднымі. Фіён і ягоны пераемнік ільвіную долю гэтай сумы плацілі Пенэлопе Фіён.

У Фіёнаў пяцёра дзяцей, і Пенэлопа пераважна займалася хатай і іх гадаваннем.

Хоць яна мае дыплом адваката, яна ніколі нідзе не працавала як адвакатка і ў палітычнай ці адміністратыўнай дзейнасці незаўважаная.

Фіён апраўдваецца тым, што жонка дапамагала яму «незаўважна», без шуміхі і публічнасці. Журналістаў ён абвінаваціў у «паліванні гразёй» і «жанчынаненавісніцтве».

Аднак журналісты выцягнулі і яшчэ адну справу.

У 2012 і 2013 гадах Пенэлопа Фіён атрымала 100 тысяч еўра ганарару ад выдаўца Марка Лядрэ дэ Ляшар'ера за паслугі «літкансультанткі» ў часопісе Revue des deux mondes, хоць там выканала ўсяго тры малазначныя рэцэнзіі.

Пенелопа Фіён нарадзілася ва Уэльсе. З Фіёнам яны пазнаёміліся, калі яна вучыла мову Мальера ў французскім універсітэце.

«Канар аншэнэ» — паспяховы і сучасны аналаг беларускага «Вожыка». Гэта сатырычная газета левага кірунку.

Правацэнтрыст Фіён быў абраны кандыдатам ад правіцы. Лічылася, што ён мае найбольшыя шанцы выйсці ў другі тур выбараў разам з нацыяналісткай Марынай Лё Пэн. Акрамя іх, за пасаду будуць змагацца цэнтрыст, блізкі да фінансавых колаў, Эманюэль Макрон і кандыдат ад Сацыялістычнай партыі, які вызначыцца на перадвыбарах неўзабаве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?