Завод па вытворчасці аўтамабіляў Geely працуе ў звычайным рэжыме. Так на СЗАТ «БелДжы» пракаментавалі інфармацыю ў СМІ пра закрыццё канвеера ў Барысаве ў сувязі тым, што прадпрыемства нібыта не ўпісваецца ў новыя нарматывы Еўразійскага эканамічнага саюза па лакалізацыі вытворчасці.

«Праца як ішла, так і ідзе. Адгрузкі ажыццяўляюцца», — паведаміла БелаПАН менеджар па сувязях з грамадскасцю СЗАТ «БелДжы» Алена Значонак.

Паводле яе слоў, інфармацыя аб закрыцці вытворчай пляцоўкі ў Барысаве з'яўляецца непраўдзівай.

У пачатку гэтага тыдня тэлеканал «Белсат» са спасылкай на кіраўніцтва прадпрыемства паведаміў, што вытворчая пляцоўка «БелДжы» ў Барысаве зачынена з пачатку гэтага года. Прычынай сталі новыя нормы ЕАЭС па 30-працэнтнай лакалізацыі вытворчасці, у якія не ўпісваецца завод. Новы завод па выпуску аўтамабіляў усё яшчэ дабудоўваецца, яго запуск запланаваны на ліпень гэтага года.

У СЗАТ «БелДжы» пацвердзілі інфармацыю аб тым, што прадпрыемства актыўна рыхтуецца да пераезду на новую пляцоўку.

«Мантаж асноўнага абсталявання завершаны. Ідзе актыўная падрыхтоўка да пуска-наладачныя работы. Афіцыйнае адкрыццё плануецца на ліпень», - сказала Значонак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0