Лідар «маладафронтаўцаў» Зміцер Дашкевіч паведаміў, што яго вінавацяць у здзяйсненні ДТЗ. Пацярпелая — судовы выканаўца Людміла Клыга, на якую нібыта наехаў аўтамабіль.

Інцыдэнт нібыта здарыўся падчас спробы канфіскаваць машыну Дашкевіча.

Нагадаем, што ў лідара «маладафронтаўцаў» забралі аўтамабіль у лік нясплачаных штрафаў за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях.

«Машыны аказалася мала, будуць забіраць і правы. Учора пад ноч Людміла Клыга вырашыла, што ёй баліць нага і звярнулася да лекараў, якія вызначылі «ушыб». Цяпер той жа ДАІшнік, які ўчора казаў, што няма падстаў для адмінсправы па ДТЗ і намякаў прыставам, што, кідаючыся на машыну, яны стваралі самі аварыйную сітуацыю, — сёння ён жа афармляе ДТЗ з пацярпелай Клыгай. З іншага боку, як няма машыны, то на якую халеру і правы — усё лагічна! Але барацьба працягваецца — прыйдзе дзень, і ўсё вернем! На днях, а тое і раней нават! Жыве!», — напісаў Зміцер у сваім фэйсбуку.

У каментары «НН» Зміцер адзначыў, што наўмысна ні на кога не наязджаў: «Можа, яна і сапраўды была закранутая, але я ехаў вельмі асцярожна, а яны кідаліся на машыну. Яна сапраўды ў нейкі момант піскнула, і я адразу спыніўся. Але яна ці то паслізнулася, ці то падсунула сама нагу — я не зразумеў».

«Учора супрацоўнік ДАІ супакойваў спадарыню Клыгу, маўляў, няма падставы для афармлення ДТЗ, а ўжо сёння паведаміў мне, што спадарыня Клыга звярнулася ў 19-ю паліклініку, і там ёй вызначылі пашкоджанне. Яна ўчора нармальна перасоўвалася, а сёння ўжо звярнулася ў ДАІ з пашкоджаннем».

Апісаная Дашкевічам сітуацыя можа трактавацца ў ДАІ як «стварэнне аварыйнай сітуацыі». За яго магчымае пазбаўленне пасведчання кіроўцы аж да двух гадоў.

На думку Дашкевіча, хутчэй за ўсё яго пазбавяць правоў. Зараз будзе праведзеная экспертыза, з дапамогай якой вызначыцца ўзровень цялеснага пашкоджання пацярпелай Клыгі. На цяперашні момант Зміцер атрымаў позву ў Першамайскі РАУС на 30 студзеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?