Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі атрымае каля 1,5 млн еўра на ўдзел у праекце па будаўніцтве міграцыйных цэнтраў, які будзе фінансаваць ЕС, паведаміў сёння журналістам старшыня Дзяржпагранкамітэта Беларусі Анатоль Лапо, перадае БЕЛТА.

«Мы возьмем удзел у новым праекце, які будзе запушчаны ў 2017 годзе. Дзяржпагранкамітэту вылучаецца каля 1, 5 млн еўра. Мы вызначым месца і пабудуем будынак для ўтрымання затрыманых парушальнікаў дзяржаўнай мяжы. Гэта будзе памяшканне па тыпу звычайнага хостэла, дзе трэба стварыць неабходныя бытавыя ўмовы. Тут будуць праводзіць працу з мігрантамі па высвятленні мэты парушэння мяжы, вырашаць пытанні прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, пры неабходнасці будзе аказвацца псіхалагічная дапамога. Па гэтай праграме мы таксама атрымаем тэхнічныя сродкі для ўзмацнення мяжы», — распавёў Анатоль Лапо.

Будаўніцтва і рэканструкцыя цэнтраў для часовага размяшчэння мігрантаў стане адным з трох кампанентаў праекта па стварэнні міграцыйных цэнтраў у Беларусі пры падтрымцы ЕС. Фінансаванне ўсіх трох кампанентаў праекта прадугледжана ў аб'ёме 7 млн еўра.

Старшыня Дзяржпагранкамітэта адзначыў, што для Беларусі, якая знаходзіцца ў геаграфічным цэнтры Еўропы, праблема нелегальнай міграцыі застаецца актуальнай, праца ў гэтым кірунку вядзецца з рознымі ведамствамі. Рэалізаваны праект на беларуска-ўкраінскай мяжы, які дазволіў узмацніць тэхнічны складнік. У 2016 годзе асвоена $3,6 млн міжнароднай тэхнічнай дапамогі, і ўдасканаленне бяспекі мяжы працягнецца, у тым ліку з дапамогай міжнародных праектаў.