27 студзеня ў Гомельскі гарвыканкам пададзеная заяўка на правядзенне «Маршу недармаедаў — раззлаваных беларусаў».

Ініцыятарамі масавага мерапрыемства, якое запланавана правесці ў Гомелі 19 лютага па вуліцы Савецкай, выступілі рэгіянальныя структуры Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», аргкамітэта па стварэнні партыі «БХД», прадстаўнікі Беларускага нацыянальнага кангрэса, іншыя рухі і ініцыятывы.

«Мэта маршу — прыцягнуць увагу грамадзян да праблемы прымусовай працы, незаконнага пераследу непрацуючых грамадзян, дыскрымінацыйнага і антыканстытуцыйнага дэкрэта № 3», — паведаміў намеснік старшыні АГП Васіль Палякоў.

Рашэнне аб правядзенні масавага мерапрыемства было прынятае 26 студзеня на пасяджэнні аргкамітэта па правядзенні маршу.

Разам з тым у членаў аргкамітэта, паводле слоў Палякова, няма вялікіх чаканняў, што ўлада дазволіць яго правесці. Рашэнне правесці масавае шэсце без санкцыі ўладаў будзе прымацца пасля афіцыйнага адказу і з улікам агульных настрояў у рэгіёне.

У грамадска-палітычным цэнтры на Палескай, 52, у Гомелі быў арганізаваны збор подпісаў за адмену дэкрэта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», сюды ж у «офіс апазіцыі» людзі прыходзілі па юрыдычную дапамогу ў сувязі з атрыманнем паведамленняў ад падатковай інспекцыі аб неабходнасці выплаты збору «з дармаедаў». Тут былі сабраныя каля 700 подпісаў за адмену дэкрэта. Таксама ў Гомелі і вобласці грамадзяне па сваёй ініцыятыве збіраюць подпісы за адмену дэкрэта аб «дармаедстве».

Апазіцыйныя і дэмакратычна настроеныя партыі і арганізацыі ў Мінску і рэгіёнах пачалі розныя кампаніі за адмену дэкрэта «аб дармаедах». Сярод іншага 17 лютага ў сталіцы плануецца «Марш раззлаваных беларусаў» супраць незаконных пабораў уладаў. Апазіцыя таксама мае намер правесці ў Мінску 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі, вулічную акцыю з удзелам грамадзян, прызнаных плацельшчыкамі збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў, — «Марш недармаедаў».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?