Усё яшчэ не сціхаюць жарсці вакол выхаду беларускай пісьменніцы, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч з расійскага ПЭН-цэнтра. Гэта адбылося пасля таго як з арганізацыі па палітычных прычынах быў выключаны журналіст Сяргей Пархоменка.

Святлана Алексіевіч. Фота Ірыны Арахоўскай.

«Справа ў тым, што зневажаюцца ўсе ідэалы заснавальнікаў ПЭНа. Канфлікт з Пархоменкам адбыўся з-за таго, што не першы раз ужо Рускі ПЭН адмаўляецца падпісваць лісты ў абарону людзей, якія пакутуюць ад пуцінскай улады. ПЭН дэклараваў, што гэта не справа пісьменнікаў — кагосьці абараняць, штосьці адстойваць, справа пісьменнікаў сядзець ціхенька і пісаць — то бок, шчыра сказаўшы, аблізваць боты ўлады», — жорстка адрэагавала на гэта Святлана Алексіевіч, даючы каментар »НН».

Кіраўнік расійскага ПЭН-цэнтра Яўген Папоў, даючы прэс-канферэнцыю ў офісе дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва ТАСС, вырашыў яшчэ раз закрануць пытанне Алексіевіч.

«Яна дэманстратыўна выйшла з клуба і паведаміла напрыканцы, ляснуўшы дзвярамі, што гэты клуб ліжа боты ўлады. Калі б мне гэта сказаў мужчына, то я б яму з'ездзіў па фізіяноміі. Але дама ёсць дама», — цытуюць словы Папова расійскія выданні.

Таксама Папоў працягваў, што ніякіх слядоў знаходжання Алексіевіч у расійскім ПЭН-цэнтры няма. А як жа членскі білет, які прадэманстравала сама пісьменніца? Папоў перакананы, што яго маглі выдаць па знаёмстве, каб Алексіевіч атрымала візы. «Гэты білет не доказ», — сказаў пісьменнік.

Яўгену Папову 71 год, ён узначаліў расійскі ПЭН-цэнтр у снежні 2016 года, адразу пасля гэтага ў арганізацыі пачаліся чысткі. У знак пратэсту ПЭН пакінула не толькі Алексіевіч, але і іншыя вядомыя аўтары — Барыс Акунін, Уладзімір Сарокін, Уладзімір Вайновіч.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?