Беларусь перадасць Сербіі два дывізіёны (12 самаходных агнявых установак) зенітна-ракетных комплексаў «Бук» і два звяны (восем машын) шматцэлевых знішчальнікаў чацвёртага пакалення МіГ-29 з умовай, што Бялград аплаціць іх рамонт і мадэрнізацыю. Як паведаміў міністр абароны Сербіі Зоран Джорджэвіч, вярнуўшыся з паездкі ў Мінск, тэхніка будзе пастаўленая ў 2018 годзе.

«Гаворка ідзе пра два дывізіёны сістэмы «Бук» і пра восем МіГ-29, якія павінны быць перададзеныя на працягу наступнага года. Разам з самалётамі, якія перадасць Сербіі Расія, сістэма СПА Сербіі значна ўзмоцніцца», — заявіў сербскі міністр. Дэталі супрацоўніцтва будуць абмяркоўвацца з мая гэтага года, калі прадугледжана стварэнне сумеснага органа па супрацоўніцтве ў галіне абароны, аналагічнага тым, якія ўжо існуюць у Сербіі з іншымі краінамі. У сувязі з гэтым кіраўнік ваеннага ведамства не мог назваць дакладную суму, якая спатрэбіцца на рамонт і мадэрнізацыю ЗРК «Бук» і МіГаў.

Джарджэвіч таксама адзначыў вялікі патэнцыял сербска-беларускіх адносін у ваенна-тэхнічнай галіне, а таксама магчымасць стварэння сумесных праектаў у абароннай прамысловасці з выхадам на рынкі трэціх краін. «Беларускія грузавікі і будаўнічая тэхніка былі б цікавыя для сербскай арміі. Ёсць магчымасць супрацоўніцтва па пытанні рамонту і мадэрнізацыі розных сістэм зброі расійскага паходжання», — сказаў міністр, дадаўшы, што Беларусь зацікавілася ракетным палівам і іншымі таварамі сербскай прамысловасці.

Прэм'ер-міністр Сербіі Аляксандар Вучыч наведаў з візітам Мінск 26—27 студзеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?