Беларускі нацыянальны кангрэс (БНК) працягвае фарміраванне рэгіянальных кааліцый дэмакратычных сіл краіны.

Як паведаміў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» былы палітвязень Мікалай Статкевіч, адзін з членаў савета БНК, 28 студзеня ў Маладзечне адбыўся сход прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацый рэгіёна Вілейка — Маладзечна. На сходзе выступілі прадстаўнікі савета БНК Яўген Афнагель, Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч.

Сход вырашыў стварыць рэгіянальную кааліцыю. Яе кіраўніком абраны Аляксандр Абрамовіч (БСДП (Грамада), намеснікамі кіраўніка кааліцыі — Уладзімір Малярчук (АГП) і Алег Яхімовіч (БСДП (Грамада)). Пасля прызнання пратаколу сходу саветам БНК Абрамовіч стане членам савета.

Статкевіч нагадаў, што згодна з рашэннямі ўстаноўчай сесіі кангрэса, у кожнай вобласці Беларусі павінны быць утвораныя па тры рэгіянальныя кааліцыі дэмакратычных сіл — 18 па ўсёй краіне. Кіраўнікі рэгіянальных кааліцый разам з лідарамі агульнанацыянальных арганізацый, якія падтрымалі кангрэс, на роўных утвараюць савет БНК, адзначыў палітык.

Новая рэгіянальная кааліцыя (Вілейка — Маладзечна) з`яўляецца 13-й па ліку ў складзе БНК, паведаміў Статкевіч. Паводле яго слоў, працэс кансалідацыі дэмакратычных сіл будзе працягнуты.

Беларускі нацыянальны кангрэс быў створаны па ініцыятыве групы грамадскіх і палітычных дзеячаў з мэтай кансалідацыі апазіцыі. У яго аргкамітэт увайшлі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Станіслаў Шушкевіч, Дзмітрый Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч, Міхаіл Пастухоў. Цяпер кангрэс дзейнічае ў форме савета. Яго першае пасяджэнне прайшло 28 мая 2016 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?