Японскі аўтамабільны канцэрн «Таёта» саступіў нямецкаму «Фальксвагену» сусветнае лідарства па колькасці прададзеных аўтамабіляў.

Паводле афіцыйнай справаздачы, «Таёта» ў 2016 годзе прадала 10 млн 175 тысяч машын, што на 0,2% вышэй, чым у 2015 годзе.

Гэтая лічба ўлічвае не толькі продажы аўтамабіляў маркі «Таёта», але і грузавікоў «Хіна Мотрас», а таксама аўтамабіляў «Дайхатсу» і «Лексус», што таксама выпускаюцца канцэрнам.

«Фальксваген», згодна з ранейшай справаздачай, у 2016 годзе павялічыў продажы на 3,8% да рэкордных 10 млн 310 тысяч аўтамабіляў. Такім чынам, нямецкі канцэрн, што пацярпеў ад дызельнага скандалу, стаў найбуйнейшым вытворцам аўтамабіляў у свеце.

«Фальксваген» выпускае мноства вядомых аўтамабільных брэндаў, уключаючы люксавыя «Аўдзі», «Бентлі», «Бугаці» і «Ламбургіні», а таксама «Шкоду», «Сеат» ды іншыя.

«Таёта» ў 2008 годзе абагнала па колькасці прададзеных аўтамабіляў амерыканскі «Джэнерал Мотарс», які да гэтага быў сусветным лідарам цягам некалькіх дзесяцігоддзяў. З тых часоў кампанія ўтрымлівала сусветнае лідарства.

Аднак абедзве кампаніі могуць пацярпець ад узмацнення пратэкцыянісцкай палітыкі ў ЗША пры новым прэзідэнце краіны Трампе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?