31.01.2017 / 13:59

«Спеўны сход» падзяліўся 6

Каардынатар праекту Аляксей Чубат і вядоўца Сяргей Доўгушаў патлумачылі Tuzin.fm, чаму разышліся ў поглядах наконт разьвіцьця праекту і заявілі, што цяпер кожны зь іх будзе ладзіць свой «Сьпеўны сход».

«Я больш не супрацоўнічаю з Аляксеем Чубатам. «Сьпеўныя сходы» не спыняюцца. Наперадзе вельмі шмат усяго. Працягваю рабіць усё самастойна і мне ў гэтым дапамагаюць мае сябры, самыя актыўныя наведнікі сходаў», — паведаміў парталу Tuzin.fm Сяргей Доўгушаў.

Аляксей Чубат у сваю чаргу кажа, што таксама зьбіраецца надалей ладзіць «Сьпеўныя сходы» з рознымі вядоўцамі: «У кожнага з нас выпрацавалася сваё бачаньне, і кожны хоча рэалізаваць свае задумкі максымальна незалежна».

Ідэя праводзіць «Сьпеўныя сходы», на якіх усе ахвочыя маглі б разам развучыць і навучыцца правільна сьпяваць беларускія песьні розных часоў, належыць лідэру гурту Vuraj. Аляксей Чубат, які наведваў вакальныя курсы Сяргея Доўгушава, узяўся дапамагчы ў яе рэалізацыі. За гэты час прайшло з паўсотні імпрэзаў: «сьпеўныя сходы» як у шырокім фармаце, так і вузкім — для дзяцей, напрыклад, а таксама за мяжою, «сьпеўныя вандроўкі» па мясьцінах Агінскага і Манюшкі, сьпеўныя курсы, усяго не пералічаш.

Яны працавалі разам цягам трох гадоў:Сяргей займаўся творчай часткай, Аляксей — мэнэджмэнтам і пошукам фінансаваньня. Фактычна для аднаго «Сьпеўны сход» стаў адным са спосабаў для творчага выяўленьня, а для другога — асноўнай справай. У гэтым моманце і адбыўся разлад.

«Для мяне «Сьпеўныя сходы» як і іншая дзейнасьць у сфэры культуры — гэта справа, да якой імкнецца душа і я займаюся ёю з унутранага пакліканьня. Але любая прафэсійная праца: ня толькі творцаў, але і мэнэджэра, павінна аплочвацца. Толькі так мы можам узьняць на належны ўзровень нашу сфэру культуры», — кажа Аляксей

«У мяне няма мэты зарабіць на «Сьпеўным сходзе». Для мяне найперш важная ідэя. І я лічу, што гэты праект ня мусіць быць камэрцыйным і ніхто на ім ня мусіць зарабляць. Я адчуваю, што гэта вельмі патрэбна нашым людзям. Я ня супраць спонсараў, але ня буду сьпяваць дзеля грошай ці толькі тады, калі гэтыя сродкі знаходзяцца», — кажа Сяргей.

Па выніку, цяпер існуе два «Сьпеўныя сходы». «Сьпеўны сход» Аляксея Чубата будуць весьці запрошаныя госьці.

Акцэнт робіцца на традыцыйную песенную спадчыну, клясыкай і песьні XX ст. займацца не плянуецца. Мяркуецца працаваць з канкрэтнымі рэгіёнамі, як тое было з «Палескім Сьпеўным сходам». Пры канцы лютага «Сход» Чубата пройдзе ў Берасьце, ён будзе прысьвечаны кобрынска-пружанскай песеннай спадчыне. Весьці яго будзе Ганна Сілівончык.

Таксама плянуецца правесьці «Дзіцячы Сьпеўны сход», прывезьці ў Менск аўтэнтычны гурт з Любанскага раёна, зладзіць «Сьпеўныя курсы Сьпеўнага сходу» з вакалісткай GUDA Вікторыяй Міхно, а таксама выдаць «Сьпеўнік Спеўнага сходу». Удзел ва ўсіх мерапрыемствах — бясплатны, за выключэннем спэцыяльных праектаў, як, напрыклад, «Вандроўкі са Сьпеўным сходам».

«Сьпеўны Сход зь Сяргеем Доўгушавым» правёў ужо першую імпрэзу, прысьвечаную абраду «Жаніцьба Цярэшкі», неўзабаве мае адбыцца сход, прысьвечаны «Народнаму альбому».

Надалей Сяржук хоча прывозіць у Менск выканаўцаў народных песень з рэгіёнаў, а таксама ладзіць «Гарадзкія Сьпеўныя Сходы». Уваход на ўсе імпрэзы — таксама вольны. Паралельна Доўгушаў разам зь сябрам Сяргеем Драніцам запускае прафэсійныя вакальныя курсы ў прыватнай студыі Free Voice studio па розных накірунках: джаз, этна, рок, прыродны голас.

Нягледзячы на канфлікт, што Доўгушаў, што Чубат мяркуюць, што гэты падзел не заб’е саму ідэю «Сьпеўных сходаў».

«Падзел, як паказвае сытуацыя, працуе на ўмацаваньне. Канечне, калі адасабляецца аналягічны і такі ж моцны па патэнцыялу праект, самы час задумацца пра пазыцыянаваньне. Пра тое, кім мы, «Сьпеўны сход», хочам быць для ўдзельнікаў. Таму прыходзьце і на «Сьпеўныя сходы», і на «Сьпеўныя сходы Сержука Доўгушава»». Чым больш будзе такога руху, тым лепш для Беларусі!», — кажа Аляксей.

«»Сьпеўны сход» не загіне, ён толькі палепшыцца, бо будзе больш новых падыходаў і цікавостак. Можа гэта і будзе прыкладам для астатніх, яшчэ нарабіць сваіх «Сьпеўных сходаў». Мы задалі ідэю…Трэба каб народ падхапіў і пачаў ствараць сваё», — заўважае Сяргей.

Дарэчы, так яно і ёсьць — пад уплывам ад праекту Доўгушава/Чубата сталі ўтварацца лякальныя «Сьпеўныя сходы». Напрыклад, ужо ёсьць «Курасоўшчынскі Сьпеўны сход» і «Сьпеўны сход на Герцэна».

2
Пытальнік / Адказаць
31.01.2017 / 14:26
Што стала прычынай? Грошы?
1
Петрыковец / Адказаць
31.01.2017 / 14:48
Чым больш сходаў - тым больш спеваў на роднай мове ) Плёну ўсім ім.
0
Раман / Адказаць
31.01.2017 / 14:59
Хачу спадзявацца, што гэта будзе да лепшага. 1) Мова Нанова аддзялілася ад Мова ці Кава, і на кожным праекце народу стала болей, чым раней было на адзіным. 2) Вікіпедыя афіцыйным правапісам аддзялілася ад Вікіпедыі на тарашкевіцы, і абодва праекты хутка пайшлі ў рост. Адзіны ж супольны праект рос марудна. Спадзяюся, што так і тут. Канкурэнцыя + развазяныя рукі ў абодвух удзельнікаў. У Беларусі шмат народных гуртоў, трэба прыцягваць розныя з іх, што і будзе рабіць арганізатар. Ды і ў Доўгушава будзе больш магчымасці праявіць сябе асобна.
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру