У Нью‑Ёрку рэканструююць Лінкальн‑Супэрцэнтар.

Імя архітэктара Элізабэты Дылер зьвязана і асацыюецца ў першую чаргу з Нью‑Ёркам. Цяпер гэтая амбіцыйная спадарыня, прафэсарка Прынстанскага ўнівэрсытэту, разам са сваімі сябрамі і аднадумцамі Рыкарда Скафід’ё і Шарлям Рэнфро працуе над незвычайна сьмелым і рэвалюцыйным праектам зьмены ідэнтычнасьці роднага гораду, каб, зь яе словаў, «выцягнуць на паверхню тое, што апошнімі дзесяцігодзьдзямі было прыхавана».

«Мы працуем над рэканструкцыяй формаў і зьместу Лінкальн Цэнтру», — кажа аўтар на бэрлінскім форуме, куды яна прыехала прадстаўляць свой праект: «Мы зьмяняем не саму пабудову, мы зьмяняем душу Нью‑Ёрку».

«Элітарная ідэя культуры 50‑х скончылася. Надышоў час адкрыць для людзей і вуліцы, як мастацтва, так і архітэктуру». «…Неабходна зрабіць архітэктанічнае цела як мага менш статычным».

Так, у плянах рэканструкцыі Цэнтру перавага будзе аддавацца пешаходнаму руху, які створыць візуальнае адзінства паміж вуліцай, зялёным масівам і культурнымі ўстановамі. «Архітэктура — гэта ўклад у дэмакратычную адкрытасьць грамадзтва…». «Мы разьбіраем на часткі Лінкальн Цэнтар, каб затым сабраць яго ў форму больш прывабную і забаўляльную. Душа Нью‑Ёрку тэрмінова патрабавала глыбокага аналізу, каб выцягнуць на сьвет тое, што было схавана», — сьцьвярджае архітэктар, гаворачы алюзіямі на Вудзі Алена і Фройда.

Але ёсьць таксама і гвозд праграмы праекту, ён датычыць новай аўдыторыі «Эліс хол». «Мы патрацілі паўтара году на тое, каб ствараць сумесь сынтэтычнага валакна і дрэва, люмінэсцэнтных элемэнтаў і смалы для сьцен». Выйшла канцэртная заля (на 2738 месцаў), апранутая ў цёплую скуру з дрэва, якая здольная зьмяняць колер і інтэнсіўнасьць сьвятла ў залежнасьці ад музыкі або спэктаклю на сцэне. У гэтай задумцы ўгадваецца мэтафара, якая натхніла аўтараў рэканструкцыі Лінкальн‑Цэнтру: «Мы мроілі пра люмінэсцэнтную марскую жывёлу, цудоўнага гібрыднага монстра ў цэнтры гораду».

Публіцы падабаюцца ня толькі праекты вышэй згаданых аўтараў (студыі DS&R), але і ўдзел Элізабэт Дылер ва ўсіх дэбатах пра архітэктурную і ўрбаністычную будучыню Мангэтану. У дадзены момант студыя занята на два вялікія франты: плян для верхняга парку на Хай‑лайн, амаль два з паловай кілямэтры падвешанага парку абапал ракі Гудзон на ўзроўні галерэі Чэлсі і рэструктурызацыя 61 тыс.кв.м. Лінкальн‑Цэнтру, прызначаных пад тэатральна‑канцэртныя патрэбы.

Калі архітэктара запыталі, ці не зайздросьціць яна сваім калегам па цэху з буйных архітэктурных фірмаў, якія на сёньня аддаюць перавагу Дубаю або Пэкіну, замест таго, каб працаваць у сваім горадзе? Яна адказала: «Мне тыя гарады не цікавыя…» Мала таго, аўтар сьцьвярджае, што мае «этычныя праблемы з калегамі, якія раскідваюць свае архітэктурныя стварэньні паўсюль, без павагі да сваіх і чужых культурных каранёў». «Кожная архітэктура мае свае карані, і толькі пачынаючы зь іх і паважаючы іх магчыма трансфармаваць яе ў дэмакратычную архітэктуру».

Вось як пра рэканструкцыю Лінкальн Цэнтру выказаўся вядомы сучасны італьянскі архітэктар Масымільяна Фуксас: «Лінкальн Супэрцэнтар, паводле задумкі ягоных аўтараў, уяўляў зь сябе новы Акропаль. Месца, дзе былі сабраныя разам усе магчымыя формы сучаснага мастацтва. Нью‑Ёрскі філярманічны аркестар, Мэтрапалітэн‑опэра і Амэрыканскі тэатар балету заўсыёды, як падаецца амэрыканцам, належалі да вяршыні сусьветнай культуры. Эра Саарынен, Ўолес Гарысан, Гордан Баншафт, а затым і творчы унёсак Філіпа Джонсана выявілі культурную плынь, якую мы называем мадэрнам і інтэрнацыянальным стылем — яны пасьпяхова ўвесь гэты час і ўтваралі ўрбаністычнае палатно. Лінкальн‑Супэрцэнтар таксама быў тварэньнем, якое і любілі, і ненавідзелі. Тэма дэмакратыі ў сучасным горадзе, як падземны ручай, які часам выйдзе на паверхню, пакажацца, а затым зноў зьнікне, не пакіне сьледу.

Архітэктура і дэмакратыя — гэта тэма, якая за апошнія гады ажывіла анэмічную дыскусію паміж архітэктарамі. Дэмакратыя і горад, дэмакратыя і архітэктура зьяўляюцца, аднак, тэмамі, якія патрабуюць большага паглыбленьня. Ці архітэктура можа быць дапамогай у сутыкненьні з сучаснымі і будучымі фэномэнамі, якія чакаюць чалавецтва? Цалкам магчыма, таму што архітэктура складае частку працэсу, які імкнецца да дасканаласьці дэмакратыі. Дасканаласьці недасягальнай, але жаданай і неабходнай. Вось чаму Лінкальн‑Цэнтар, як і іншыя важныя архітэктурныя творы, можа выйсьці са свайго пасылу ён будаваўся як асяродак культуры для невялікай групы людзей, і стаць шляхам, які дазволіць наблізіць як мага большую колькасьць асобаў да культурных цэнтраў. Дэмакратыя — гэта суўдзел. У гарадах культура заўсёды суіснавала поруч з камэрцыяй і жытлом, што гарадзкая забудова заўсёды і дэманстравала. Аднак пераход ад маленькай да вялікай колькасьці жыхароў зьмяніў нашы гарады і наша ўяўленьне пра тое, што значыць быць гараджанамі. 60% людзей у сьвеце выбралі сабе за месца жыхарства буйныя ўрбаністычныя пляцоўкі. Зрабіць магчымым суіснаваньне розных народаў і этнасаў, розных культур і мэнтальнасьцяў — адна з самых складаных мэтаў, якую чалавецтва паставіла перад сабой.

Шлях ад каранёў дэмакратыі «полісу» да дэмакратыі «мэгаполісу» зусім ня просты (вось дзе архітэктура і ўрбаністыка могуць працягнуць руку дапамогі). Лінкальн‑Цэнтар аўтарства Дылер і Скафід’ё, як і іншыя творы, якія дэманструюць у гарадах найлепшыя праявы мастацтва і чалавечай крэатыўнасьці, нараджаюцца зь неспатольнага жаданьня аўтараў даць магчымасьць выйсьці на паверхню гэтаму падземнаму ручаю, пра месцазнаходжаньне якога ў дадзены момант мы ня ведаем дакладна.

Падрыхтавала Натальля М.‑Марынэлі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0