Чарговая перадача «Справа прынцыпу» на тэлеканале АНТ была прысвечаная тэме года навукі. Сярод гасцей быў выкладчык, загадчык кафедры інавацыйнага менеджменту БДУ Валерый Байнёў.

«У Беларусі ёсць добрая традыцыя, што кожны год праходзіць пад пэўным сімвалам. Сакральным, містычным чынам гэты сімвал уплывае на наш лёс, жыццё нашай краіны. Быў Год маці, дзіцяці, роднай зямлі. У эканоміцы гэты перыяд адзначаўся «беларускім эканамічным цудам». А вось 2011 неабдумана назвалі Годам прадпрымальніцтва. Ну, у пагоні за грашыма, рвацтва, скнарнасць. Гэты год беларусам запомніцца выбухной інфляцыяй — 109%. Беларуская эканоміка атрымала накдаўн, ад якога па сёння яшчэ не аправілася», — сказаў Байнёў.

«Вось не згаджуся. Мы тады такую прадпрымальнасць прадэманстравалі! За год папера чатыры разы падаражэла, а «Беларуская думка» выходзіла!» — іранічна адгукнуўся вядучы перадачы Вадзім Гігін.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, гісторык Ігар Марзалюк спыніўся на тым, што навука не павінна быць «жабрацкай» сферай. «Павінна быць зразумела, што чырвоны дыплом — гэта такая надбаўка да заробку, магістарская — столькі, кандыдат навук — столькі і г.д. Іосіф Вісарыёнавіч Сталін у 1942 годзе, калі ішла Сталінградская бітва, павысіў у 2,7 разу заробкі толькі адной прафесіі — вучоным. А ў 1946 годзе адпаведным загадам заробкі дацэнта былі прыроўненыя да заробкаў кіраўніка прадпрыемства. Без гэтых рэчаў нічога не будзе», — перакананы Марзалюк.

У другой частцы перадачы тэма Сталіна зноў нечакана выплыла. «Цяпер час прыбытку, грошай, чыстагану. Хто можа рабіць бабкі, у таго і статус высокі. На жаль, беларускія эканамічныя распрацоўкі могуць прыносіць поспех на вялікіх эканамічных прасторах, накшталт СССР. Таму і ў Сталіна прафесар быў у пашане, бо ён прыносіў рэальную карысць», — сказаў Байнёў.

«Адзін прыносіў карысць, а іншы — сядзеў у «шаражцы», а кагосьці пускалі цалкам у расход», — адрэагаваў на рэпліку Вадзім Гігін.

«Бывала і такое, але ў цэлым у «шаражках» зрабілі болей, чым, так сказаць, на свабодзе», — адзначыў загадчык кафедры БДУ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?