Снежаньскі 2016 года скандал з выказваннямі ўжо экс-дырэктара Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў Леаніда Рашэтнікава нібы сціх. Нагадаем, расійскі адстаўны генерал-лейтэнант выведкі ў вельмі канцэнтраванай форме выказаў погляды, якія ў той ці іншай форме зараз актыўна транслююцца рознымі электроннымі медыямі Расіі:

  1. Беларусь — гэта штучная краіна («гістарычная частка вялікай Расіі»);
  2. Такой жа штучнай з’яўляеццца беларускай мова.

Апошнюю тэзу Рашэтнікаў абгрунтоўвае сваім асабістым досведам: «Паглядзіце нашу савецкую газету «Правда» за 1926 год, на першай старонцы пастанова ЦК УКП(б). Яна называлася «Аб стварэнні беларускай мовы». Разумееце, вось бомба, якая была закладзена тады, яна зараз рванула і працягвае выбухаць маленькімі бомбамі… Мы прыклалі руку да стварэння мовы. То бок, гэтай мове, даруйце, атрымліваецца нейдзе 90 гадоў…. Што ж мы робім? Навошта ж мы калечым гісторыю?»

Гэтыя выказванні выклікалі бурлівае абмеркаванне. З беларускага боку былі і заява МЗС, і рэзкае рэагаванне на прасторах інтэрнэта. У адказ на афіцыйную і публічную крытыку расійскі чыноўнік высокага рангу сам перайшоў у наступ — ён заявіў, што вы, маўляў, змагайцеся не са мной, а «крытыкуйце дакумент і тлумачце, калі вас гэта не задавальняе».

Ва ўсёй гэтай палеміцы здзіўляе адно — пастанова «на першай старонцы» «Праўды» так і не была прадстаўленая.

Ніхто таксама не зняўпраўдзіў факту яе існавання ці яе публікацыі ў «Праўдзе». Выказваліся здагадкі, што Рашэтнікаў мог прыняць за падобную пастанову рашэнне правесці Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі, якая акурат адбылася ў лістападзе 1926 г. Але на нейкія канкрэтныя пастановы не змаглі спаслацца і беларускія лінгвісты, якія займаюцца перыядам беларусізацыі 1920-х гадоў.

Дык што ўсё ж з той «Праўдай»?

Каб не зацягваць маўчанне канкрэтыкі, я перагледзеў увесь камплект газеты «Праўда», які захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Падвядзем вынікі міні даследавання.

Трэба ведаць спецыфіку 1920-х гадоў — савецкі афіцыёз жыў у многім ідэяй сусветнай рэвалюцыі, таму на першай старонцы «Праўды» такія лакальныя навіны, як «стварэнне беларускай мовы», і не маглі з’явіцца. Праз увесь год на тытульнай старонцы галоўнай партыйнай газеты абавязкова прысутнічала чарговая інфармацыя пра усеагульны страйк брытанскіх шахцёраў, з’яўляліся паведамленні пра пераварот Пілсудскага і пра антыпольскую дамову СССР з Літоўскай рэспублікай.

Але шанец знайсці звесткі з Беларусі сапраўды ёсць, бо ў «Праўдзе» мелася рубрыка «Па саюзных рэспубліках», якая звычайна змяшчалася на трэцяй ці чацвёртай старонцы газеты.

І вось тут мы сапраўды можам знайсці навіну пра Акадэмічную канферэнцыю, якая пазначалася не інакш, як «свята беларускай культуры». Таксама на старонках маскоўскай «Праўды» у той час маглі з’яўляцца матэрыялы пад назваю «Праверка правядзення беларусізацыі апарата».

Але як з «пастановай» «Аб стварэнні беларускай мовы»? Лішне казаць, што ў «Праўдзе» яе няма. Як і адсутнічае падобны дакумент ў зборніках «КПСС у рэзалюцыях і рашэннях з’ездаў, канферэнцыях і пленумах».

Што ж здарылася? Ці была гэта выпадковая памылка Леаніда Рашэтнікава?

Аналіз стылістыкі ідэалагічнага супрацьстаяння, якое ўспыхнула ў нашым рэгіёне Еўропы два гады таму, дазваляе сцвярджаць, што мы маем справу з класічным прыкладам маніпуляцыі.

І разлічаны гэты канкрэтны інфармацыйны ўкід найперш на расійскую аўдыторыю. У Беларусі усё ж нешта ведаюць пра Акадэмічную канферэнцыю 1926 г. А расійскай публіцы правапісную рэформу можна паднесці як «стварэнне мовы».

Ёсць у гісторыі з «пастановай» яшчэ адзін аспект — інфармацыйна-тэхналагічны.

Надзіва, расійскія бібліятэкі не стварылі ў інтэрнэце электронных копій газеты «Праўда».

Дыгіталізацыю ранейшых нумароў усяго камплекта штодзённай газеты ажыццявіла толькі амерыканская кампанія East View Information Services, але яна прадастаўляе платны доступ да сваіх рэсурсаў. Каб пераправерыць выказванні Рашэтнікава і перагартаць падшыўку «Праўды» за 1926 г., неабходна выдаткаваць 1—2 працоўныя дні. І вам павінны быць даступныя зборы добрых бібліятэк. Вось гэтую сітуацыю таксама эксплуатуюць маніпулятары — дастаткова запусціць у медыйную прастору пару моцных тэзаў, каб стварыць інфармацыйны фон. А ўжо хто там будзе разбірацца з іх перадгісторыяй?

Застаецца пытанне — ці варта кожнага разу рэагаваць на маніпуляцыі кампетэнтна?

Ці не прасцей іх замоўчваць? Польшча мае свой досвед у падобных сітуацыях. Кожнага разу, калі ў заходняй прэсе з’яўляецца словазлучэнне «польскія канцлагеры» часоў Другой сусветнай вайны, МЗС Польшчы ці яе паслы на месцах выступаюць з афіцыйнымі заявамі пра тое, што гаворка можа ісці толькі пра «нацысцкія канцлагеры на тэрыторыі Польшчы», але ў ніякім выпадку пра «польскія канцлагеры». І так кожнага разу.

Падобна, мы дасягнулі такога ўзроўню інфармацыйнага напалу, што проста ігнараваць правакацыйныя выказванні ўжо не выпадае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?