З 27 сакавіка па 2 красавіка ў эстонскай сталіцы пройдзе дзявяты фестываль гарадской культуры і новай музыкі Tallinn Music Week. З гэтай нагоды НН прапануе наведаць прыгожы прыбалтыйскі горад і дае парады, на што звярнуць увагу, будучы ў Таліне, дзе спыніцца на начлег і як зручна дабрацца.

Спачатку пра фестываль

Tallinn Music Week — штогадовы фестываль гарадской культуры і новай музыкі. Гэта досыць маштабнае мерапрыемства, дзе на кожны дзень можна знайсці сабе занятак па душы. Праграма фестываля ўключае ў сябе выступы лакальных і замежных сучасных выканаўцаў, насычаную арт-праграму, гурмэ-фестываль, прафесійную канферэнцыю на музычныя і іншыя тэмы, дызайн-маркет. Летась на TMW выступілі 237 артыстаў з 33 краін свету, у тым ліку 4 артысты з Беларусі.


Апроч магчымасці паўдзельнічаць у фестывалі ў якасці гледача, ёсць варыянт прыняць удзел у якасці дэлегата. Квіток дэлегата дае пропуск на канферэнцыю (мова канферэнцыі — англійская) і на ўсе канцэрты, а таксама анлайн-доступ да ўсіх кантактаў удзельнікаў фестывалю. Арганізатары TMW забяспечваюць візавую падтрымку. Такі квіток пры набыцці да 1 лютага будзе каштаваць €175. Пасля абвяшчэння праграмы выступоўцаў 2 лютага кошт уздымаецца да €250.

Што наконт глядацкіх квіткоў, то пакуль іх можна набыць за €50, але, зноў жа, з 2 лютага кошты вырастуць.

Чым яшчэ будзе адметны Талін у гэты тыдзень

Акрамя наведвання папулярных сярод беларускіх турыстаў месцаў кшталту Домскага сабора і палацава-паркавага комплекса Кадрыёрг ці мясцовага музея КДБ, у тыдзень правядзення фестываля госці атрымаюць магчымасць для больш блізкага знаёмства з гарадской культурай Таліна.

Так, цягам TMW будзе зладжана цэлая праграма City Stage, падчас якой дзясяткі артыстаў і калектываў будуць выступаць на самых разнастайных пляцоўках горада: у кавярнях, галерэях, крамах, грамадскім транспарце і нават у прыватных дамах. На ўсе гарадскія выступы ўваход вольны.

Раптоўныя імпрэзы ў грамадскіх месцах — гэта ўнікальная магчымасць пакамунікаваць з мясцовымі жыхарамі, пакаштаваць нацыянальныя стравы і проста цікава прабавіць час. Удзельнікі TMW мінулых гадоў часта выказвалі прыемнае здзіўленне ад падобнай праграмы: маўляў, быў на розных імпрэзах у розных краінах, аднак ніколі не думаў, што атрымаецца паслухаць музыку, седзячы басанож у чыёйсьці хатцы і даядаючы толькі што прыгатаваную гаспадыняй юшку.

Як беларусам зручней дабрацца да Таліна

Самыя простыя шляхі дасягнення Таліна — самалёт ці аўтобус.

З Мінска да Таліна лётаюць самалёты кампаніі AirBaltic, але трэба будзе рабіць перасадку ў Рызе. Палёт у адзін бок будзе каштаваць каля €100. Танней, хоць і даўжэй дабірацца да Таліна з Вільні, Кіева ці Варшавы. Квіткі на самалёт з гэтых гарадоў можна знайсці ад €40.

Таксама можна даехаць да Таліна аўтобусамі Ecolines ці LuxExpress. Кошт квітка Мінск—Талін складзе каля €30, а калі пашчасціць, можна патрапіць на акцыю і набыць танней.

Урэшце, для аматараў сэканоміць і пагутарыць са спадарожнікамі існуе знакаміты рэсурс Blablacar, які дазваляе знайсці кіроўцу, што едзе машынай па пэўным маршруце, і далучыцца да яго за невялікую плату. Ці самому знайсці пасажыраў, калі вы збіраецеся ехаць машынай.

Дзе спыніцца на начлег

Аматарам камфортнага адпачынку арганізатары фестываля прапануюць замовіць начлег у адным з партнёрскіх гатэляў, і даюць у такім выпадку гасцям зніжкі на квіткі да 30%.

Калі вы маеце абмежаваны бюджэт і для вас не з’яўляюцца істотнымі выгоды жылля і эстэтыка інтэр’еру, можна спыніцца ў адным са сталічных хостэлаў. Урэшце, калі вы любіце раптоўныя знаёмствы і з’яўляецеся камунікабельным чалавекам, можна пераночыць бясплатна ў доме аднаго з мясцовых жыхароў. Знайсці, у каго спыніцца, і прачытаць водгукі пра гаспадара можна з дапамогай сайта couchsurfing.com.

Атрымаць больш інфармацыі пра TallinnMusicWeek і набыць квіткі можна на афіцыйным сайце фестываля.

OÜ Musiccase, г. Талін, Эстонія

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?