На тэрыторыі прадпрыемства «Гродна Азот» аўтамабіль зачапіў трубу з вадкім аміякам. Трубаправод быў неадкладна адключаны, пацярпелых няма, праводзяцца замеры на ўтрыманне аміяку. Пра гэта паведамляе прэс-служба прадпрыемства.

Здарэнне адбылося 31 студзеня каля 17:25.

«Грузавы аўтамабіль іншай арганізацыі, які прыбыў пад загрузку прадукцыі, рухаючыся па тэрыторыі прадпрыемства пад забараняльны знак па вышыні, збіў трубаправод, па якім праводзіцца выдача вадкага аміяку з цэха аміяк-3 у міжцэхавыя камунікацыі прадпрыемства», — гаворыцца ў паведамленні.

Супрацоўнікі прадпрыемства адключылі трубаправод запорнай арматурай. Небяспечная зона была агароджаная. Праводзяцца замеры на ўтрыманне аміяку па перыметры тэрыторыі прадпрыемства.

Паводле дадзеных замераў, утрыманне аміяку па стане на 18:30 аўторка на мяжы санітарна-ахоўнай зоны і ў найбліжэйшай жылой забудове, завулку Куйбышава, было ніжэйшым за адчувальнасць метаду вымярэння.

«Пацярпелых няма. Пагрозы жыццю і здароўю людзей на прадпрыемстве і жыхароў горада няма», — упэўненыя на «Гродна Азоце».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0