02.02.2017 / 14:57

Змагацца і памерці, каб стаць легендай: «Бітва за Каліноўскага» 37

Піша Васіль Герасімчык. 

«Ужо каторую гадзіну ён ляжаў на дахоўцы, узіраючыся ў бездань зорнага неба, забыўшыся на холад. Сам-насам з цэлым Сусветам.

Колішнія думкі, перажыванні, пачуцці, жаданні, уласны досвед, чужыя веды і навязаныя каштоўнасці адышлі ў нябыт. Яго не існавала. Ён ёсць бессмяротны. Заставалася толькі памерці. Спачатку вярнулася ўсмешка, у куточках якой схавалася Веданне. Яно прыйшло з няўлоўнага сумежжа зорак і акаляючай іх чэрані, потым вярнуўся і Ён (?).

Ператрус даўно скончыўся, у пакоі панавала цішыня і замест ранейшага безупыннага руху думак з’явіўся ўсвядомлены спакой упэўненасці».

Гэты ўрывак з маёй аповесці «На вышыню нашых магіл» — спроба даць тлумачэнне думкам Канстанціна Каліноўскага, які свядома імкнуўся стаць легендай для народа, нават імя якога перастала да таго часу быць яго ўласнасцю.

Сястра Марысі Ямант, яго нарачонай, Людвіка Радзевіч пакінула нам узгадку пра невялічкі эпізод, які здарыўся напрыканцы лістапада 1863 года. Тады жандармы выйшлі на канспіратыўную паўстанцкую кватэру на Зарэчнай вуліцы Вільні, акружаную салдатамі і паліцыяй. Але ў апошняе імгненне Каліноўскі сцюдзёнай перадснежаньскай ноччу ў адной бялізне выслізнуў у акенца і, пакуль доўжыўся ператрус, праляжаў увесь час на даху: «Толькі такая маральная і фізічная сіла, як у яго, здолела вытрымаць гэтае страшэннае выпрабаванне».

Ён не паддаўся спакусе выправіцца на эміграцыю нават тады, калі адна за адной паступалі весткі пра страты найлепшых яго сяброў: спачатку прызначанага ім начальнікам Ковенскага ваяводства ксяндза Антона Мацкевіча, павешанага на мураўёўскай шыбеніцы 16 снежня ў Коўне, а затым і арыштаваных найлепшых сяброў Ігната Здановіча і Ціта Далеўскага, на павешаннях якіх ён прысутнічаў 21 і 30 снежня. Яму заставалася прабыць на волі ўсяго месяц, з апошніх сіл падтрымліваючы згаслае полымя паўстання, пакуль, нарэшце, у ноч на 29 студзеня 1864 года ён не быў арыштаваны пад імем Ігнація Вітажэнца ў Святаянскіх мурах са знічкаю ў руках. Яму здрадзіў Вітольд Парфіяновіч, які ўвайшоў у гісторыю, пакінуўшы ў сваіх паказаннях пароль паўстанцаў:

—Каго любіш? — Люблю Беларусь! — Так узаемна!

Вытрымка з пратакола допыту В.Парфіяновіча, у якім згадваецца пароль паўстанцаў: «Каго любіш?» — «Люблю Беларусь».

Сам жа Каліноўскі праз цётку сваёй нарачонай Ядзвігу Макрыцкую перадаў на волю невялікі аркушык з перадсмяротным запаветам, «каб знаў свет Божы, як мужыкі Беларусы глядзяць на маскалёў і паўстанне польскае, чаго яны хочуць і чаго па сваёй сіле дабіваціся будуць». Увайшоў у гісторыю той дакумент пад назвай «Лісты з-пад шыбеніцы». Адначасова для ўладаў Каліноўскі піша «Тлумачальную запіску», у якой зазначае: «Я не противник счастья народного, не противник и России, если она добра нам желает, но противник тех бедствий, которые посягают край наш несчастный».

Гэтымі сваімі спробамі Каліноўскі пакідаў «апошняе слова», адрасаванае не столькі сучаснікам, колькі нашчадкам, якія калісьці дазнаюцца на тое, нараджэнню чаго ва ўласнай душы Кастусь быў адным з першых сведкаў. Яго запал падтрымала «пакаленне 1863-га» ў асобах кшталту Францішка Багушэвіча, якое стварала Беларусь. Блытанасць літаратурнай спадчыны Каліноўскага, якая ў выпадку «Мужыцкай праўды» з’яўляецца калектыўнай працаю, тлумачыцца той разгубленасцю, якую на ўзроўні падсвядомасці адчуваў ён, бачачы адрознасць «тутэйшага» насельніцтва ад суседзяў. Каліноўскі акрэсліў яго імем «беларусы», прадбачыўшы нашае адраджэнне, у імя якога прыносіў сябе ў ахвяру: «Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, — але не жаль загінуць за тваю праўду».

І ён загінуў з клічам на вуснах «У нас няма дваран, усе роўныя». 26-гадовы юнак, у самым росквіце, які свядома адмаўляўся ад простага жыцця ў імя вышэйшай мэты — «праўда, свабода і багацце» ўласнага народа — беларусаў. Нездарма яго сучаснік польскі паўстанец Яноўскі называў Каліноўскага «сапраўдным апосталам беларускага народа», а пісьменнік Уладзімір Караткевіч адзначаў, што Каліноўскага можна назваць беларусам, узгадаўшы толькі адныя яго перадсмяротныя словы, якія чалавек ніколі не напіша на чужынскай мове. А толькі сваёй.

Аднак сёння, калі беларускае слова перастала быць адметным паказальнікам беларуса — гэта ўжо не аргумент. Наадварот, сёння як ніколі моцныя сілы, якія імкнуцца сшальмаваць святое імя Асобы, ператворанай у сімвал змагання нашага народа, які прыходзіў на дапамогу ў самыя складаныя часы найноўшай гісторыі — міжваеннага нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, змагання з ворагам у Вялікай Айчыннай вайне.

У 1959 годзе гісторык Генадзь Кісялёў пісаў: «Разгарніце кнігі — гэта нават не спрэчка пра Каліноўскага, гэта сапраўдная бітва за Каліноўскага». І сёння, калі ў ім адчуваецца патрэба як постаці, якая спрычынілася да паўставання незалежнай Рэспублікі Беларусь, Каліноўскага намагаюцца выціснуць з беларускага пантэона.

Час бяжыць летуценнай хадою і за апошнія гады імя Кастуся Каліноўскага ператварылася ў сапраўдны брэнд і своеасаблівую лакмусавую паперу ўспрымання сваёй ідэнтычнасці. Але ні ў якім выпадку нельга перабольшваць з тымі катэгорыямі, якія ў часы паўстання мелі зусім іншае гучанне, кшталту «пан» і «маскаль».

Каліноўскі нарадзіўся 2 лютага (21 студзеня па старым стылі) 1838 года. Гэта значыць, 179 гадоў таму. У наступным годзе споўніцца 180. Ці будзе тая часіна знакавай — залежыць ад нас ужо сёння, бо асоба Каліноўскага мае значэнне не столькі ў тым, што ён аб’ектыўна зрабіў у гісторыі, колькі ад таго, як яго імя ўвасобілася ў нашай гісторыі і стала адной з крыніцаў натхнення для тысячаў і тысячаў тых, хто ствараў Беларусь, хто працуе і працаваў у яе імя і хто склаў ды гатовы ў выпадку патрэбы скласці сваё жыццё ў імя Беларусі.

Васіль Герасімчык

64
дед Калаш / Адказаць
02.02.2017 / 15:05
каб знаў свет Божы, як мужыкі Беларусы глядзяць на маскалёў і паўстанне польскае, чаго яны хочуць і чаго па сваёй сіле дабіваціся будуць». ****** Вот сами же приводите неоспоримый факт, что восстание было польским, о чём и пишет сам калиновский. Так зачем нам белорусам прославлять поляка калиновского - уже за 20 лет с 1919 по 1939 год белорусы наелись панской ласки от польских панов!
7
locos / Адказаць
02.02.2017 / 15:13
дед Калаш, а за 300 лет белорусы наелись господской ласки от русских господ. Так зачем нам, белорусам, прославлять русского Суворова и иже с ними?
5
вой / Адказаць
02.02.2017 / 15:19
дед Калаш, а за 220 с лишним лет (1795-2016) разве не наелись белорусы маск****кого дерьма от царей-богатырей, от кровавых генсеков и их гэбистской опричнины, от теперешних кремлевских паханов?
Паказаць усе каментары/ 37 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру