Здымкі Аляксандра Васюковіча на маскоўскай выставе пасля знішчэння Белікавым.

Здымкі Аляксандра Васюковіча на маскоўскай выставе пасля знішчэння Белікавым.

1 лютага беларускі фатограф Аляксандр Васюковіч атрымаў на электронную пошту ліст са Следчага камітэта Масквы. У ім следчы А. Маразенка запрашае Васюковіча на гутарку для атрымання пісьмовых тлумачэнняў па матэрыялах праверкі, папярэдне ўзгадніўшы дату і час са следчым.

З ліста таксама зразумела, што праверка праводзіцца па скарзе аднаго з дэпутатаў маскоўскай муніцыпальнай акругі Якіманка — Захарава Д. А. Дэпутат мяркуе, што ў выставе Васюковіча, якая прайшла ў Маскве ў мінулым годзе, ёсць «прапаганда забароненай у Расіі арганізацыі «Правы сектар».

«Ліст я атрымаў толькі што на электронную пошту. Думаю, усё гэта з той самай серыі, што і знішчэнне выставы. На размову да следчага ў Маскву не паеду. Дашлю ім адказ, напішу, што жыву ў Беларусі, а не ў Расіі. На маіх здымках няма ўдзельнікаў «Правага сектара», — расказаў Аляксандр Васюковіч у размове з Еўрарадыё.

28 верасня ў Маскве ў Цэнтры дакументальнай фатаграфіі FOTODOC праходзіла творчая сустрэча з беларускім фатографам Аляксандрам Васюковічам. Васюковіч заняў першае месца ў намінацыі «Канфлікт» на міжнародным фотаконкурсе «Прамы погляд 2016». Тут жа можна было ўбачыць яго фотаздымкі, на якіх адлюстраваныя адзіночныя і групавыя партрэты удзельнікаў добраахвотнага батальёна «Данбас», зробленыя Васюковічам падчас паездкі на фронт летам 2014 года. Праз нейкі час Васюковіч ізноў звязаўся з героямі сваіх фота, каб даведацца пра іх лёс. На фотаздымках свайго праекта ён коратка пазначыў, хто з салдатаў застаўся жыць, хто быў паранены, трапіў у палон альбо загінуў.

Падчас творчай сустрэчы ў залу прыйшоў маскоўскі мастак Антон Белікаў і пачаў замалёўваць здымкі Васюковіча фарбай з балончыка. «Вы — сціплы фашыст! Я пагарджаю вамі… Што вы робіце? Гэта ж забойцы! Яны забівалі жанчын і дзяцей. А вы прыязджаеце ў Маскву і вешаеце іх фота тут! Вы — усмешлівы гадзёныш. Як вам не сорамна?» — гаварыў Белікаў Васюковічу.

Працэс знішчэння выставы беларускага фатографа здымаў канал «Рен-ТВ». Яшчэ праз дзень выстава беларуса была канчаткова знішчаная людзьмі, якія назваліся прадстаўнікамі казацтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?