Начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, адказваючы на пытанне «Радыё Свабода», пракаментаваў выказванне міністра замежных спраў Літвы Лінкявічуса на тэму беларускага суверэнітэту, дакладней, «таго, што ад яго засталося»:

mfa.gov.by

mfa.gov.by

«Так, мы звярнулі ўвагу на тое, што ў апошні час кіраўнік МЗС Літвы — дзяржавы, якую мы шчыра лічым дружалюбнай, і з якой у бягучым годзе мы збіраемся адзначаць 25-годдзе з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін — занадта перапоўнены эмоцыямі адносна нашай краіны. Ну, проста свярбіць у яго, як у вядомым анекдоце…

А цяперашняя яго заява аб «рэштках суверэнітэту» асабліва карабаціць сваім паблажліва-зняважлівым тонам. Ад гэтага тону вее нейкімі адгалоскамі імперскай моцы. Але вось парадокс, апошні раз Літва была імперыяй у першай палове XV стагоддзя ў часы існавання нашага агульнага Вялікага княства. Верагодна, спадар міністр вельмі любіць гістарычную літаратуру і чэрпае з яе натхненне. Або тут, як кажуць, у каго што баліць — спадар Лінкявічус экстрапалюе на Беларусь сітуацыю ў самой Літве, якая перадала ў ЕС і НАТА значную частку свайго суверэнітэту.

Усё не так драматычна, як спрабуе прадставіць спадар міністр. Для нас важна, каб суверэнітэт Беларусі падтрымліваў народ нашай краіны. А калі хтосьці за мяжой сапраўды клапоціцца аб суверэнітэце Беларусі, то дапамагаць трэба справай, а не займацца абразамі або павучаннямі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0