Беларускія аўтадылеры прынялі рашэнне адмовіцца ад правядзення ў 2017 годзе ў Мінску міжнароднага аўтамабільнага салона «Мотаршоу». Пра гэта 1 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведамілі члены праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА), якая аб'ядноўвае дылераў і імпарцёраў аўтамабіляў.

Яны патлумачылі, што гэта рашэнне — следства агульнай сітуацыі на аўтамабільным рынку і ў эканоміцы краіны ў цэлым. «Мы хацелі б правесці аўтасалон у гэтым годзе, нават праводзілі ўнутры асацыяцыі апытанне, але прыйшлі да высновы, што ўсяго толькі сем удзельнікаў — гэта ўжо будзе не «Мотаршоу». На рынку цяпер актыўна прадаюцца сем-дзесяць брэндаў, дылеры, якія прадаюць мала, фінансава не змогуць сабе дазволіць зрабіць добры стэнд. Больш за тое, нават тыя, хто сёння добра прадае машыны, у большасці сваёй адчуваюць фінансавыя цяжкасці ў сілу вялікай закрэдытаванасці, бягучых выдаткаў і гэтак далей», — сказаў старшыня праўлення БАА Сяргей Міхневіч.

У кіраўніцтве асацыяцыі звяртаюць увагу, што за некалькі апошніх гадоў шмат якія беларускія дылеры пабудавалі прыгожыя аўтацэнтры, а гэта велізарная фінансавая нагрузка.

«Акрамя таго, «Мотаршоу» заўсёды ўяўляла сабой свята, і нам не хацелася б праводзіць яго ў нейкім урэзаным бюджэтным варыянце. Нам хочацца вярнуцца да ранейшага фармату свята, калі будуць фінансавыя перадумовы і аптымізм на рынку», — дапоўніў Міхневіч.

«Мы аптымістычна глядзім на магчымасць правядзення «Мотаршоу» ў 2018 годзе, як мяркуецца, гэта будзе ў маі. За гады свайго правядзення «Мотаршоу» набыло пэўны статус, і рабіць яго цяпер у нейкім кастрыраваным выглядзе мы не будзем», — сказаў Дзмітрый Ярота — кіраўнік кампаніі «Рэмарк», якая традыцыйна з'яўляецца арганізатарам «Мотаршоу».

Апошні раз выстава «Мотаршоу» працавала ў Беларусі ў 2013 годзе, і тады месцам яе правядзення ўпершыню быў абраны канькабежны стадыён «Мінск-Арэны». Свае стэнды прадставілі 24 аўтамабільныя маркі. Усяго на выставе было размешчана каля 200 аўтамабіляў. Паводле звестак арганізатараў, яе наведала амаль 65 тысяч чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?