Амерыканская поп-зорка Беёнсэ ў сераду абвясціла, што зноў цяжарная — гэтым разам двойняй.
Спявачка паведаміла навіну ў сваім інстаграме: «Мы хочам падзяліцца сваім каханнем і шчасцем. Мы неімаверна ўдзячныя, што наша сям'я павялічыцца на два чалавекі, і мы дзякуем вам за ўсе добрыя пажаданні».
У артысткі ўжо ёсць пяцігадовая дачка ад рэп-выканаўцы Джэя Зі. Пара сустракаецца з 2002 года, артысты пажаніліся ў 2008 годзе ў Нью-Ёрку.
Беёнсэ — адна з самых паспяховых артыстак у гісторыі музычнай прэміі «Грэмі», якая атрымала 20 узнагарод і больш за 60 намінацый. У 2011 годзе была ўдастоена ганаровай прэміі часопіса Billboard — «Артыст тысячагоддзя».
У 2013 годзе Беёнсэ выконвала гімн ЗША на інаўгурацыі Барака Абамы.