Трагедыя адбылася ў Беларусі, ў вёсцы на Мядзельшчыне, адкуль паходзілі ягоныя бацькі. Як патлумачыў старшыня Таварыства беларускай культуры ў Вільні Хведар Нюнька, Валерыя Місюка забіла токам у лазні.
Па здзеклівай іроніі лёсу, Місюк доўгі час працаваў у Вільні інжынерам‑электрыкам. Валеры Місюк нарадзіўся 19 ліпеня 1977 г. у ваколіцах Вільні. Некалькі гадоў ён быў намеснікам старшыні ТБК.
Талент Валерыя праявіўся і ў навуцы: на кафедры мэнэджмэнту Віленскай калегіі Місюк чытаў лекцыі па лагістыцы і кіраваньні.
Старшыня ТБК Хведар Нюнька памінае памерлага сябра толькі добрым словам:
— Цяжка слова падабраць, што гэта быў за чалавек. Нарадзіўся ў Вільні і валодаў выдатна беларускай мовай. Меў вялікую перспектыву ў кар’еры. Гэта жах, і гэта нават цяжка ўспрымаць, што яго няма. Для нас гэта страта незаменная.
Пахаванне Валерыя Місюка адкладваюцца ў сувязі з неабходнасцю рэпатрыяцыі цела з Беларусі.