Вярхоўны суд Беларусі апублікаваў статыстычныя дадзеныя па выніках працы за 2016 год.
Больш за 40 тысяч крымінальных спраў
Усяго ў мінулым годзе ў судах краіны разглядалася 42 116 крымінальных спраў, па выніку якіх выносіліся прысуды. Былі асуджаны 44 770 чалавек, большасць з іх за «злачынствы супраць уласнасці» — 17 352 чалавекі (у тым ліку за крадзяжы — 16 653). За наркотыкі асудзілі 3 608 чалавек, за эканамічныя злачынствы — 509.
Абсалютная большасць асуджаных накіроўваецца судом у месцы пазбаўлення волі. Такім чынам, насельніцтва беларускіх калоній павялічылася за мінулы год на 13 759 чалавек. Агулам 8 182 чалавекі атрымалі «хімію» (большасць, 5 158 чалавек — так званую «хатнюю хімію», без накіравання ў выпраўленчую ўстанову).
5 196 чалавек атрымалі штрафы, 2 066 злачынцам прысудзілі выпраўленчыя працы.
0,19% апраўданых
Апраўдалі летась толькі 83 чалавекі.
Большасць з іх — 17 чалавек — абвінавачвалі ў нанясенні лёгкіх цялесных пашкоджанняў.
Аднаго з апраўданых абвінавачвалі ў забойстве (суд прызнаў яго дзеянні самаабаронай). Траіх вінавацілі ў абароце наркотыкаў, васьмярых — у абразе, шасцярых — у крадзяжы, пяцярых — у парушэнні недатыкальнасці жылля. Чацвёра чалавек былі апраўданыя пасля абвінавачвання ва ўхіленні ад адбыцця пакарання, траіх вінавацілі ў вырабе і распаўсюдзе порна з выявай непаўнагадовых.
Таксама па трое чалавек апраўдалі па наступных абвінавачваннях: нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў; махлярства; ухіленне бацькоў ад утрымання дзяцей; парушэнне правілаў дарожнага руху. Па два чалавекі апраўдалі па справах аб хуліганстве; парушэнні таямніцы перапіскі ці іншых перагавораў; незаконнай высечцы дрэваў ці кустоў.
Атрымліваецца, што беларускія суды апраўдваюць толькі 1 чалавека з 540. То бок 0,19%.
Больш за 200 тысяч штрафаў
Акрамя крымінальных спраў, суды разгледзелі і 341 709 спраў адміністратыўных. Большасць з іх — справы аб дробным хуліганстве (46 563) і распіцці алкаголю ў грамадскіх месцах (47 617).
Па выніку 222 529 чалавек атрымалі штрафы, 41 921 — адміністратыўны арышт, 4 991 — папярэджанні і толькі 4 чалавекі былі асуджаныя на выпраўленчыя працы.