На Першым канале (Расія) з'явілася чарговая перадача, прысвечаная Беларусі. На гэты раз у праграме «Час пакажа» абмяркоўвалася тэма ўвядзення расійскім бокам мяжы з Беларуссю.

У перадачы ўдзельнічаў пасол Беларусі ў Маскве Ігар Петрышэнка. «Беларусь была і ёсць паслядоўным саюзнікам Расіі», — адразу заявіў спадар пасол.

Таксама яго папрасілі пракаментаваць чуткі, якія распускаюцца расійскімі СМІ, аб падрыхтоўцы выхаду Беларусі з інтэграцыйных праектаў з Расіяй — Еўразійскага эканамічнага саюза, АДКБ, саюзнай дзяржавы.

«Я лічу ніжэй за сваю годнасць гэта каментаваць. Ад рашэння па будаўніцтве саюзнай дзяржавы наш прэзідэнт не адступіў ні на ёту», — запэўніў пасол.

«Што тычыцца памежнай зоны, то ў Расіі ніхто ніколі не забываецца, што Беларусь — гэта суверэнная і незалежная дзяржава. Беларусь, дарэчы, небагатая дзяржава, вырашыла, каб зарабляць грошы, нармальна жыць, зрабіць адкрыты рэжым. Гэта іх права.

Адпаведна мы павінны адрэагаваць. Таму, калі свабодна прыедзе бен Ладэн, ці не дай бог таварыш Абама, яны не павінны праехаць», — выказваўся дырэктар «Інстутыта праблем глабалізацыі» Міхаіл Дзялягін.

Дырэктар цэнтра палітычных даследаванняў краін Паўночнай і Усходняй Еўропы, якога часта выкарыстоўваюць у расійскіх СМІ як хлопчыка для біцця, спрабаваў давесці, што такое рашэнне спрыяе закрыццю і ізаляцыі Расіі. «Зачыняецца апошняя фортка, якая звязвае Расію з Еўропай», — казаў Аляксандр Сыцін.

Ігар Петрышэнка таксама расказваў, што дзейнічае адзіная база дадзеных уязных на тэрыторыю «саюзнай дзяржавы». «90% неўязных акурат з расійскага боку. На днях у Беларусь не пусцілі журналіста з Украіны, які быў у гэтым спісе», — расказваў Петрышэнка.

Сярод гасцей студыі таксама прысутнічаў прарасійскі публіцыст Аляксей Дзермант і палітолаг Юрый Шаўцоў, але ім так і не далі слова.

У другой частцы перадачы сталі абмяркоўваць украінскіх «бандэраўцаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?