21 ліпеня — акурат шэсьць месяцаў як за кратамі знаходзіцца моладзевы актывіст Андрэй Кім. Такім чынам, у турме хлопцу застаецца правесьці роўна год.

Андрэй Кім быў арыштаваны 21 студзеня падчас акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Хлопца пакаралі дзесяцьцю суткамі адміністрацыйнага арышту, але на волю ён ня выйшаў. Справа ў тым, што на Кіма завялі крымінальную справу за зьбіцьцё ДАІшніка Сычова.

22 красавіка судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Алена Ільіна прысудзіла Андрэю паўтара году турмы. Андрэй Кім быў прызнаны міжнароднымі арганізацыямі вязьнем сумленьня. Цяпер хлопец адбывае пакараньне ў Бабруйскай калёніі.

Дарэчы, заўтра 22 ліпеня ў гарадзкім судзе Менску (Дуніна‑Марцінкевіча, 1) адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі Андрэя Кіма і іншых фігурантаў «справы чатырнаццаці».

Маці Андрэя Тацяна Кім мае невялікую надзею, што гарадзкі суд можа зьмяніць прысуд яе сыну.

Зьміцер Панкавец

***

Напішы палітвязьню:

213000, Магілёўская вобл., горад Бабруйск, вул.Сікорскага, 1, ВК‑2, атрад 11. Андрэю Кіму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0