03.02.2017 / 14:47

Лукашэнка назваў выдумкай чуткі пра намер Беларусі выйсці з ЕАЭС і Саюзнай дзяржавы

Чуткі пра намер Беларусі выйсці з Еўразійскага эканамічнага саюза і Саюзнай дзяржавы, якія з'явіліся нядаўна ў расійскіх СМІ, — «поўная выдумка», заявіў Аляксандр Лукашэнка 3 лютага ў Мінску на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ.

Пры гэтым ён прызнаў, што ў межах інтэграцыйных аб'яднанняў не вырашаюцца пытанні, пра якія раней бакі ўжо дамовіліся. «Іх трэба вырашыць, бо мы ў ганьбу ператвараем усе гэтыя пасяджэнні Саюзнай дзяржавы», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, уступаючы ў інтэграцыйныя аб'яднанні з Расіяй, Беларусь разлічвала, што яны будуць грунтавацца «на раўнапраўі, што будуць роўныя ўмовы». «Гэта галоўнае, без гэтага не можа быць саюзаў. Калі іх няма, навошта туды ісці?» — задаў кіраўнік дзяржавы пытанне.

Лукашэнка заявіў, што з-за няроўных цэн і ўмоў у межах Мытнага саюза Беларусь страціла «толькі з-за цэнавага фактару 15 мільярдаў долараў». «Яны прызнаюць гэтую лічбу. І вось яны нам далі аж 5 мільярдаў крэдытаў!.. Гэта добра, забраць у нас 15 мільярдаў праз кошты і потым нам жа даць нашы ж грошы, і то толькі трэцюю частку пад працэнт у тры разы большы, чым МВФ. Ворагі… Гэта нармальна? І ўслед — мы кормім іх, гіры на нагах, такія-сякія», — адзначыў ён.

Такую сітуацыю Лукашэнка лічыць «ненармальнай». «Гэта трэба заканчваць, на гэтым шмат не атрымаеш. І мы не Украіна. Мы — не антырасійскія, мы не імкнемся ў НАТА. Мы свята беражэм нашы дамоўленасці аб абароне нашай прасторы, нашай бацькаўшчыны Беларусі і Расіі», — дадаў ён.

Лукашэнка хацеў бы, каб «гэты канфлікт наверсе ні ў якім разе не апусціўся данізу». «Таму вельмі прашу, ніколі не крыўдзіце расіян. Яны да нас прыязджаюць, адпачываюць, не бясплатна гэта робяць. Гэта нашы людзі. Прэзідэнты — Лукашэнка, Пуцін — прыходзяць і сыходзяць, а народы застаюцца. Гэта галоўнае. Рана ці позна, мы ўсё роўна дамовімся», — лічыць беларускі кіраўнік.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру