Мноства прэтэнзій да расійскага кіраўніцтва выказаў Аляксандр Лукашэнка 3 лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ і экспертамі, адказваючы на пытанне аб эканамічнай інтэграцыі і інтэграцыйных ініцыятывах як у межах Саюзнай дзяржавы, так і Еўразійскага эканамічнага саюза. Пры гэтым ён адштурхнуўся ад тэзіса, што «эканоміка Беларусі — гэта фінішная вытворчасць Савецкага Саюза», і неабходнасці цесных кааперацыйных сувязяў з Расіяй.

Паводле слоў Лукашэнкі, ён прапаноўваў расійскаму боку «берагчы лепшыя прадпрыемствы», не ствараць «альтэрнатыўныя прадпрыемствы» ў Расіі. «Дзякуй богу, не ствараюць, гэта не так проста», — дадаў беларускі кіраўнік. Рабіць гэта няма чаго, упэўнены ён.

У якасці прыкладу Лукашэнка прывёў ААТ «БелАЗ», прадукцыя якога «ўсіх задавальняе». «Тым больш што ў БелАЗе 60% расійскага, у МТЗ — больш за 65% расійскіх камплектуючых», — сказаў ён.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, беларускія прадпрыемствы супрацоўнічаюць з расійскімі, дзе працуе больш за 10 мільёнаў чалавек.

«Так чыя ў Беларусі эканоміка? Расійская у тым ліку. Я часта Пуціну кажу, слухай, калі лясне наша эканоміка, ну як мінімум 10 мільёнаў праблем з'явіцца ў цябе і ў прадпрыемстваў. Так дапамагаць, калі мы адзіныя, хоць бы крэдытамі, я не кажу субсідаваць. Крэдыт даць гэтым прадпрыемствам, каб яны працавалі», — лічыць Лукашэнка.

На самай справе, як заявіў беларускі кіраўнік, адбываецца «ўдушэнне эканомікі праз прадпрыемствы». У якасці прыкладу ён прывёў Мінскі аўтамабільны завод і КамАЗ, а лічбы зачытаў віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка. Паводле яго інфармацыі, МАЗ плаціць за 1 тыс. кубаметраў газу 278,6 долара, КамАЗ — 65; за электраэнергію: МАЗ — 11,7 цэнта за 1 кВт•гадз, КамАЗ — 2,8. «А дадайце да гэтага субсідаванне з бюджэту. Гэта роўныя ўмовы?» — абураны Лукашэнка.

Наступныя прыклады, паводле слоў прэзідэнта, гэта жаданне Расіі «амаль бясплатна» набыць «Інтэграл», МЗКЦ, «Пеленг», «Гродна-Азот» і далучыць МАЗ да КамАЗа. Пры гэтым, як адзначыў Лукашэнка, расійскі бок не дае гарантый, што ў іх развіццё будуць укладзеныя сродкі, забяспечана павелічэнне паступленняў у бюджэт, захаваныя працоўныя калектывы і зарплата, пад прадукцыю маюцца новыя рынкі. «Дык навошта мне тады з вамі мець справу? Крыўда (з расійскага боку)», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

«І я думаю, у мяне просяць за бясплатна аддаць высокатэхналагічныя прадпрыемства. Гэта па-братэрску? Гэта прыстойна?» — здзіўляецца Лукашэнка.

Закранаючы МАЗ і КамАЗ, ён адзначыў, што не супраць кааперацыі. «Кошт? Гатовыя прадаць за бясцэнак. Аб'яднаць. Але я баюся, каб з МАЗа майго… ён не ператварыўся ў нейкі цэх, дзе будуць гайкі рабіць. Але мы гэтую гаечную вытворчасць на МАЗе ўжо прайшлі», — заявіў Лукашэнка.

«Так мы і не аддалі гэтыя прадпрыемствы, — працягнуў ён. — Ну вось, трэба рахункі звесці. Не атрымаецца. Я не хачу нагнятаць абстаноўку, але вы павінны разумець: мы выжывем. Я ў гэтым проста ўпэўнены. Але калі мы разыдземся, калі паміж намі ўтворыцца бездань, яе потым засыпаць, выраўнаваць — сыдуць дзесяцігоддзі».

Яшчэ адзін прыклад стаўлення Расіі да беларускай эканомікі датычыўся адноўленага і мадэрнізаванага мінскага ААТ «Камволь», якое вырабляла тканіны для сілавых структур РФ і свабодна канкуравала. «Цяпер расійскі ўрад прымае рашэнне: беларускія тканіны — замежныя. Гэта значыць, нас фактычна выкінулі з рынку», — канстатаваў Лукашэнка.

«Вы не можаце канкураваць — вы нас выкідаеце з рынку, прычым нахабна, парушаючы ўсе міжурадавыя пагадненні. Мы звярнуліся ў Еўразійскую эканамічную камісію. Яны (урад РФ) проста адмахнуліся ад гэтай камісіі. Вось так яны выконваюць абавязацельствы», — са шкадаваннем сказаў Лукашэнка. Такіх прыкладаў, паводле яго слоў, можна прывесці нямала.

«Вы ваюеце са сваім народам, — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы, звяртаючыся, відаць, да кіраўніцтва Расіі. — Навошта вы гэта робіце, нам дагэтуль не зразумела».

Лукашэнка ўпэўнены, што расійскае кіраўніцтва хавае ад насельніцтва інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Беларусі. «Цытую аднаго вялікага чалавека ў Расіі. Калі я яму задаў пытанне: «Навошта вы гэта робіце?» — ён круціўся, круціўся і кажа: «Аляксандр Рыгоравіч, занадта высокі градус Беларусі і вас асабіста ў Расіі і ў рэгіёнах таксама. Трэба трошкі апусціць». «Гэта няправільна, — упэўнены беларускі кіраўнік. — Я не прэтэндую ні на што расійскае. І гэта немагчыма», — канстатаваў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?