На сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ і грамадскасці 3 лютага Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў здагадкі аб тым, што Расія збіраецца акупіраваць Беларусь.

«Калі нехта думае, што ўжо некалькі тысяч вагонаў загрузілі і нас акупіруюць, Расія ўводзіць сюды свае войскі, — не будзьце вы наіўнымі. Што, Расія наогул ужо з глузду з'ехала і не ўмее ваяваць? Як жа можна ваяваць на чыгуначных платформах? Тое, што будуць войскі сюды ўведзеныя, то роўненька яны адсюль і пойдуць. Сёння нават не агаворваецца такая сітуацыя. Войскі высадзяць недзе каля палігона, разаб'юць лагер (у рамках вучэнняў «Захад-2017»), там будзе мізэр баявых прыпасаў — толькі каб адстрэліць па мішэнях, астатняе — халастыя боепрыпасы. Усё пад кантролем», — запэўніў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што прапанаваў Уладзіміру Пуціну праводзіць сумесныя ваенныя вучэнні раз на два гады — па чарзе ў Расіі і Беларусі. «Надышоў наш час, і мы прымем гэтыя вучэнні. Гэта будуць адкрытыя вучэнні, мы запросім усіх», — падкрэсліў прэзідэнт.

Гаворачы аб стварэнні ў Беларусі расійскай авіяцыйнай ваеннай базы, Лукашэнка адзначыў, што не бачыць у гэтым неабходнасці. «Ды кіньце вы. Каму патрэбныя гэтыя 10 самалётаў, якія Расія хацела пасадзіць у Бабруйску? Я Пуціну кажу: трэба аднаўляць гэты аэрадром, там ужо ўзлётна-пасадачную паласу напалову разабралі, навошта 10 самалётаў? Вы дайце мне 20 самалётаў, у нас выдатныя пілоты, выдатная школа. Вы ведаеце, што мы ваюем не горш на ваенных самалётах, вы нам дайце 20 самалётаў, мы ж адзіная групоўка. Не», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Лукашэнкі, у сучаснай вайне самалёт здольны весці 10 хвілін бою. «Ён узляцеў, і яго няма. Вайна сёння іншая. Гэта ў Сірыі можна лётаць, калі няма сістэмы СПА. У нас нават у Беларусі: ты ўзляцеў дзесьці за 200 кіламетраў, мы цябе бачым, і тваё жыццё скончанае. І потым, што такое аэрадром на пярэднім краі тэатра ваенных дзеянняў? Не дай Бог вайна, дзве ракеты на ўзлётна-пасадачнай паласе — ні адзін самалёт не ўзляціць. Навошта іх сюды?» — сказаў ён.

Час падлёту самалётаў са Смаленска — чатыры хвіліны, дадаў Лукашэнка. Паводле яго слоў, і Уладзімір Пуцін падчас абмеркавання гэтага пытання пагадзіўся з тым, што расійская база ў Беларусі не патрэбная. «Навошта тады перад прэзідэнцкімі выбарамі, калі быццам бы нейкія рухі з Захадам пайшлі, мы базу тут хочам? Дык не базу, а 10 ці 20 самалётаў пасадзіць хацелі — гэта дэманстрацыя. Яна нам патрэбна, гэтая дэманстрацыя? Не. У нас сваіх хапае такіх самалётаў, але калі яшчэ 20 вы сюды перакінеце, няма пытанняў», — адзначыў Лукашэнка.

Ён таксама расказаў, што напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе Беларусь прапанавала Расіі накіраваць сюды звяно знішчальнікаў для сумеснага забеспячэння бяспекі. «Яны перагналі чатыры самалёты ў Баранавічы, расіяне ў Беларусі адпрацавалі. Я думаў: адпрацавалі, і добра, пакінуць гэтыя самалёты. Не, забралі, давай базу. Навошта? Усё ўжо адпрацавана, усё нармальна з пункту гледжання ваенных, няхай служаць далей — рускі чалавек і беларус у адным самалёце. Не, забралі — давай базу», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Гэтая прапанова была не ваеннай, лічыць ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?