Беларусь пакуль не саспела для ўвядзення прыватнай уласнасці на зямлю. Такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ 3 лютага.

«Усе хочуць прыватную ўласнасць на зямлю. Не саспелі пакуль мы да гэтага. Не трэба спяшацца», — лічыць кіраўнік дзяржавы. Праблемы ў гэтым пытанні ён не бачыць. «Ну, аддаем у арэнду на працяглы перыяд. Калі ласка, ідзі працуй. А чым адрозніваецца арэнда ад прыватнай уласнасці? Вось прыватную ўласнасць ніхто не адбярэ? Ды кіньце вы. Калі вы парушыце закон, у вас адбяруць вашу ўласнасць. У нас жа канфіскацыя маёмасці па законе вызначана. А чым адрозніваецца зямля ад нейкай іншай маёмасці? Не ў гэтым справа. Не трэба на гэтым зацыклівацца», — сказаў Лукашэнка.

На яго думку, «усё для таго, каб жыць і працаваць справядліва і сумленна, у нас ёсць». «Калі ты ўзяў зямлю ў арэнду для сельгаспрызначэння, займайся сельскай гаспадаркай, калі ты гэтую зямлю ўзяў для прысядзібнага ўчастка і абслугоўвання дома, калі ласка, займайся гэтым, толькі не хлусі. Не магу дапусціць таго, як гэта ў Расіі: куды ні кінь вокам — пустуючыя ўчасткі», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Як лічыць Лукашэнка, адсутнасць у Беларусі прыватнай уласнасці на зямлю — адна з прычын таго, што «зямля ў краіне дагледжаная, усе едуць і зайздросцяць». «Не вялікі мы пакуль яшчэ крок зрабілі па культуры земляробства, але многае ўжо зрабілі і адрозніваемся ад нашых суседзяў», — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?