Расія з 6 лютага абмяжуе пастаўкі ялавічыны і ялавічных субпрадуктаў з Мінскай вобласці Беларусі, гаворыцца ў паведамленні на сайце Рассельгаснагляду.

«Фармальнае стаўленне з боку ветэрынарных спецыялістаў абласных і раённых ветэрынарных службаў Рэспублікі Беларусь да ажыццяўлення кантролю за адгружанай прадукцыяй і адсутнасць сістэмы нагляду ў Рэспубліцы Беларусь прыводзяць да працягу спробаў легалізацыі і наступнага ўвозу на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі мясной сыравіны невядомага паходжання нядобрасумленнымі беларускімі вытворцамі», — падкрэслівае Рассельгаснагляд.

Пры правядзенні ветэрынарнага кантролю беларускай прадукцыі Рассельгаснаглядам «пастаянна фіксуюцца сляды паўторнай пераўпакоўкі і сляды першаснай маркіроўкі (перамаркіроўкі тавараў), а таксама сляды зрэзаў ветэрынарных клеймаў».

«Гэтыя выпадкі пацвярджаюць наяўнасць на тэрыторыі Мінскай вобласці Беларусі ашуканскіх схем з пастаўкамі ў Расію ўкраінскай і еўрапейскай мясной сыравіны, якая выдаецца за беларускую. Адсутнасць дзейсных мер па недапушчэнні паставак у Расійскую Федэрацыю падкантрольных тавараў з парушэннем ветэрынарна-санітарных патрабаванняў і норм ЕАЭС і Расійскай Федэрацыі, а таксама матэрыялаў расследаванняў па ўстанаўленню прычын, па кожным факце парушэнняў выклікае недавер да працы дзяржаўнай ветэрынарнай службы Мінскай вобласці. У сувязі з гэтым Рассельгаснагляд вымушаны ўвесці часовыя абмежаванні на пастаўкі ў Расійскую Федэрацыю ялавічыны і ялавічных субпрадуктаў з усіх прадпрыемстваў Мінскай вобласці Рэспублікі Беларусь з 06.02.2017 года», — падкрэслівае Рассельгаснагляд.

Аб увядзенні часовых абмежаванняў таксама паведаміў РБК кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт, у дачыненні да якога Аляксандр Лукашэнка 3 лютага даручыў МУС Беларусі разгледзець магчымасць завядзення крымінальнай справы.

У снежні 2016 года Рассельгаснагляд паставіў пад сумнеў «праўдзівасць беларускага паходжання» прадукцыі СТАА «Рыгор і сыны», і прапанаваў беларускаму боку правесці сумесную праверку прадпрыемства.

Акрамя таго, як распавёў РБК Данкверт, у ходзе праведзенай у пятніцу, 3 лютага, відэаканферэнцыі паміж Рассельгаснаглядам і дэпартаментам ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча Беларусі было ўстаноўлена, што на гэтым прадпрыемстве выяўлены «грубыя парушэнні ветэрынарных правілаў і яно ў цяперашні час не ажыццяўляе вытворчую дзейнасць». Такое стаўленне з боку беларускіх ветэрынарных спецыялістаў Данкверт лічыць «фармальным». «Яны прыводзяць да працягу спробаў легалізацыі і наступнага ўвозу на тэрыторыю Расіі мясной сыравіны невядомага паходжання нядобрасумленнымі беларускімі вытворцамі», — адзначыў кіраўнік Рассельгаснагляду.

«Усе выяўленыя выпадкі (акрамя «Рыгор і сыны» ў снежні былі спыненыя пастаўкі з АСП «Вытворчы камбінат», ТАА «Анэксімпрод», ТАА «Тераміт») пацвярджаюць наяўнасць на тэрыторыі Мінскай вобласці Беларусі ашуканскіх схем з пастаўкамі ў Расію ўкраінскай і еўрапейскай мясной сыравіны, якая выдаецца за беларускую», — лічыць Данкверт.

Па яго словах, адсутнасць дзейсных мер па недапушчэнні паставак у Расію падкантрольных тавараў з парушэннем ветэрынарна-санітарных патрабаванняў і нормаў выклікае ў расейскага боку «недавер да працы дзяржаўнай ветэрынарнай службы Мінскай вобласці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?